Раеўскі

Людміла Грамыка

Час не заўсёды можа ўсё расставіць па сваіх месцах. Для гэтага патрэбны і адпаведныя людскія намаганні. Думаю пра тое, згадваючы Валерыя Раеўскага, які, тым не менш, застаецца ў гісторыі беларускага тэатра фігурай неаспрэчнай. Велізарнай глыбай. Яркай асобай з рэжысёрскім і чалавечым талентамі, неверагодным чынам спалучанымі.

f_ra_01

Воляю лёсу чвэрць стагоддзя таму нашы лецішчы апынуліся амаль побач на вялізных глыбоцкіх прасторах. Мы збіралі грыбы ў адным лесе, вудзілі рыбу на адным возеры, і нашы стасункі набывалі асаблівае адценне. Цікава было бачыць Раеўскага ў нязвыклым атачэнні, у асаблівых абставінах, натхнёна будуючым плот, да прыкладу. Магчымасць набыць вясковы дамок паміж азёрамі Івесь і Шо, паблізу ад Галубіцкай пушчы, з’явілася, калі ён атрымаў Дзяржаўную прэмію за спектакль «Радавыя». Такім чынам тэатр і прырода ўсё роўна звязаліся для яго ў неразрыўны ланцуг. З горада ён імкнуўся на Глыбоччыну, з Глыбоччыны — у Купалаўскі. Жыхары бліжэйшых вёсак з павагай называлі яго «дырыжорам», бо дакладна не ведалі, што такое «рэжысёр». А ён не быў абыякавым да іх праблем. Дапамагаў, як мог. Памятаю, з гонарам распавядаў, як абараніў палеткі каля вёскі Шо ад апрацоўкі ядахімікатамі. Бачыла, як частка спісанай «лімаўскай» бібліятэкі перакачавала ў мясцовую вясковую школу. З асаблівай зацятасцю вырошчваў бульбу, пяшчотна прамаўляючы пры гэтым: «жоўценькая». На пытанне: «Дзе грыбы?» — стрымана адказваў: «У лесе…» Дарэчы, свае баравішчы ахоўваў самааддана.

f_ra_03

На Прыпяці. 1970-я.

На Прыпяці. 1970-ыя.

Думаю, неверагоднай раскошай ягонай чалавечай сутнасці была здатнасць заўсёды заставацца самім сабой. Пры розных абставінах — у аднолькавай іпастасі. Ён ніколі нікому не імкнуўся адпавядаць, таму што заўсёды быў шчырым, адкрытым і нібыта адхіленым адначасова. Валодаў надзвычай рэдкай якасцю: чалавечы і творчы таленты ў ім былі непадзельныя і толькі дапаўнялі адзін аднаго. Адсюль акрэсленая адметнасць: ён быў паэтам не толькі ў жыцці, але і ў рэжысуры. Здаецца, усё ў ім падпарадкоўвалася асаблівым унутраным рытмам. Памятаю, як дажджлівым жнівеньскім днём, седзячы ў лесе, у невялікім летніку, ён паўтараў, пазіраючы на мокрыя сасновыя галіны ў акне, штораз са здзіўляючай настойлівасцю: «Нават у непагадзь тут добра…»

З Юрыем Любімавым і Валерыем Залатухіным падчас стажыроўкі ў Маскоўскім тэатры на Таганцы. 1960-я.

З Юрыем Любімавым і Валерыем Залатухіным падчас стажыроўкі ў Маскоўскім тэатры на Таганцы. 1960-ыя.

Паэзія для рэжысёра — дакладныя рытмы і спосаб мыслення. Стакроць узмоцненая фраза і выяўленая думка, асаблівы эмацыйны лад… Мабыць адсюль — рытмічная акрэсленасць ягоных знакамітых франтальных мізансцэн, за якія часам даставалася ад крытыкаў. А ён проста мізансцэніраваў графічнымі шэрагамі. Ягоная рэжысура — нібы лініі ў прасторы. Затое сабраныя разам сэнсы выстрэльвалі метафарамі, здатнымі выйсці на высокае абагульненне. Самыя важныя маналогі абавязкова спрацоўвалі ў патрэбны момант у патрэбным месцы, станавіліся прыдатнымі для ўспрымання. Калі згадваць спектаклі Раеўскага, успамінаюцца менавіта такія эпізоды, вызначальныя для герояў і ўсяго спектакля. Дый ягонае жыццё ў мастацтве — нібы спрэс паміж радкамі паэзіі. Той, хто ведаў Раеўскага, неаднойчы чуў, як ён чытае вершы. Часам блытаючы словы, нават перамешваючы розных аўтараў.

f_ra_05

Коратка можна адзначыць галоўнае: паступова ад сціснутасці і лаканічнасці аўтарскага выказвання рэжысёр прыйшоў да разгорнутага метафарычнага мыслення. Спачатку цвёрда стаяў нагамі на зямлі, потым смела сягаў у космас. Калі напрыканцы жыцця на другі план пачаў адыходзіць змест, на падмостках распачалося буянне формы. Яна часам пераважала і як бы адмаўляла, ссоўвала ўбок самога рэжысёра. І ўсё ж трапяткія сувязі з жыццём у творчасці Раеўскага прасочваліся заўсёды. «Рэжысура — гэта адметны лад мыслення, цярпенне і такт. Гэта не ўлада, а пакута. Салодкая пакута. У тэатры ўсе мы вымушаны падпарадкоўвацца адно аднаму. Сувымяраць уласныя амбіцыі, каб урэшце намаляваць хвалюючую гледача жывую карціну».

З Васілём Быкавым пасля прэм’еры спектакля «Апошні нанц». 1974.

З Васілём Быкавым пасля прэм’еры спектакля «Апошні шанц». 1974.

Гэтыя «жывыя карціны» яму дорага каштавалі і таксама змяняліся цягам часу. Аднак у кожным спектаклі перад гледачамі абавязкова паўставаў чалавек, асоба, герой, які выбіваўся з агульнага шматлікага шэрагу са сваёй адзінай і бясспрэчнай праўдай. Не тое каб Раеўскі любіў спрачацца, проста ведаў пра кожнага чалавека штосьці галоўнае. І мабыць таму раздражняў многіх. І ўсё ж, на шчасце, умеў узнімацца над схваткай і заставацца недасягальным. Народжаны пад сузор’ем Блізнятаў, Валерый Мікалаевіч парадаксальным чынам увасабляў дваістую сутнасць: мог быць гордым і звычайным, адкрытым і замкнёным, слабым і моцным адначасова.

Узгадаваны творчасцю Юрыя Любімава, Раеўскі трапіў у Купалаўскі тэатр з-пад крылаў маскоўскай Таганкі і пачаў са спектакля «Што той салдат, што гэты» Бертальда Брэхта. З маладым запалам перайначваў існуючыя ў нас ўяўленні пра традыцыйны тэатр. Падкрэсліваю: уяўленні, і гэта істотна, бо сапраўдны «тормаз прагрэсу» звычайна знаходзіцца ў чалавечых галовах. Так было і напрыканцы 1960-х. З аднаго боку, пошукі новай сцэнічнай мовы паступова ахоплівалі беларускія тэатры. Надыходзіла эпоха аўтарскай рэжысуры, якая вылучала ўласных лідараў. З іншага — вакол Купалаўскага тэатра, ягонай гісторыі, спосабу акцёрскага існавання ўсё часцей узнікалі дыскусіі, якія маглі скончыцца аргвысновамі. Ідэалагічныя стрэлы часцяком патраплялі ў Раеўскага.

На репетыцыі спектакля «Парог» Аляксея Дударава. 1983.

На репетыцыі спектакля «Парог» Аляксея Дударава. 1983.

Лёсавызначальны для рэжысёра спектакль «Што той салдат, што гэты» стаўся пранізлівым гімнам чалавечай індывідуальнасці. Услаўлялася адметнасць. Непадобнасць. Нешараговасць звычайнага чалавека ў кожнай ягонай праяве — фізічнай, духоўнай, маральнай. Чым большы ўціск на асобу вытрымліваў галоўны герой Гэлі Гэй у бліскучым выкананні Аўгуста Мілаванава, тым званчэй са сцэны гучалі зонгі ў яго імя. Дый надалей цягам дзесяцігоддзяў галоўнай праўдай для Раеўскага быў і заставаўся чалавек з пульсуючым болем фізічнага цела і бязважкім палётам думкі. Дзіўна, рэжысёра ўсё больш папракалі ў абыякавасці да артыста, папулярнай была ідэя разбурэння Раеўскім беларускай акцёрскай школы, а яна, гэтая школа, толькі набірала моц і квітнела ва ўсіх яго спектаклях. Адметныя героі і, адпаведна, выдатныя акцёрскія работы з’яўляліся без супынку. Раеўскі шмат дзесяцігоддзяў працаваў «на вынік» — неверагодны факт для сённяшніх беларускіх пастаноўшчыкаў.

У «залаты спіс» спектакляў 1970-х, складзены самім Раеўскім, увайшлі «Трыбунал» Андрэя Макаёнка, «Вясёлы тракт» Барыса Васільева, «Апошні шанц» Васіля Быкава, «Характары» паводле Васіля Шукшына (разам з Андрэем Андросікам), «Эшалон» Міхаіла Рошчына, «Пагарэльцы» Андрэя Макаёнка, «Плач перапёлкі» Івана Чыгрынава. Паралельна «залаты запас» Купалаўскага тэатра папоўніўся акцёрскімі здзяйсненнямі — Галіны Макаравай, Генадзя Аўсяннікава, Алены Ельяшэвіч, Паўла Кармуніна, Генадзя Гарбука, Марыі Захарэвіч, Віктара Тарасава, Стэфаніі Станюты. Цяпер, праз шмат гадоў, выяўлена каштоўнасць кожнай ролі, акрэслена драматычная глыбіня, празрыстасць сэнсу. Парадаксальным чынам «рэжысёрскі тэатр», які распякалі на ўсе лады, абярнуўся глыбокай змястоўнасцю, якая трансліравалася праз акцёра. Між іншым, усе гэтыя акалічнасці сам Раеўскі тлумачыў наступным чынам: «Добрая рэжысура заўсёды патрабуе жорсткай формы. А я трапіў у калектыў, дзе прывыклі, каб перад яго вялікасцю Акцёрам стаялі на каленях. Мне давялося змагацца з бытавым тэатрам, каб дамагчыся спалучэння паэзіі і побыту на сцэне».

Алякскандр Дзянісаў, Барыс Герлаван, Валерый Філатаў і Валерый Раеўскі. 1985.

Аляксандр Дзянісаў, Барыс Герлаван, Валерый Філатаў і Валерый Раеўскі. 1985.

Як ні дзіўна, асноватворным для любога спектакля Раеўскі лічыў сюжэт, без якога асноўная маса гледачоў з цяжкасцю ўспрымала змест сцэнічнага твора. Але па сутнасці сюжэты для рэжысёра заўсёды былі другаснымі. Ён усё больш настойліва шукаў «іншыя калідоры палёту». Надалей ягоны герой — маленькі чалавек на велізарных зямных абсягах, душа якога прагне цудоўнага, імкнецца ў космас. Фізічна адчуты і ўсвядомлены касмічны маштаб зямных падзей раскрываецца праз расхінутую сцэнічную прастору і фактычна робіць Раеўскага незалежным ад якасці драматургіі. Узнікае надзвычай плённы творчы саюз з мастаком Барысам Герлаванам. Іх спектаклі зачароўваюць публіку мастацкім ладам, па сутнасці гэта паэмы пра чалавека і яго зямное прызначэнне. Новыя якасці рэжысуры штораз адкрываюцца ў «Рэвізоры» Мікалая Гогаля, «Радавых» Аляксея Дударава, «Буры» Уільяма Шэкспіра. У «Страсцях па Аўдзею» Уладзіміра Бутрамеева здатнасць да стварэння метафарычнай формулы, да філасофскага абагульнення, здаецца, дасягае бачнай мяжы. Усталёўваецца новая сістэма мастацкіх сувязей, акрэсленых праз сцэнаграфію, строгую і лаканічную рэжысёрскую мову, праз псіхалагічна паглыбленыя вобразы, выбухі пачуццяў. Магутнае выкананне Генадзем Аўсяннікавым ролі Аўдзея вянчае гэты надзвычай гарманічны спектакль, які паводле сваёй змястоўнасці, сканцэнтраванасці думкі, вонкавай дакладнасці і выразнасці суадносны з паэтычнымі творамі.

У гасцях у Стэфініі Станюты. Генадзь Аўсяннікаў, Алена Сідарава, Віктар Манаеў, Валерый Раеўскі. 1980-ыя.

У гасцях у Стэфаніі Станюты. Генадзь Аўсяннікаў, Алена Сідарава, Віктар Манаеў, Валерый Раеўскі. 1980-ыя.

«Радзімчык тэатра — праўдападабенства. У гэтым сэнсе я ніколі не любіў і не люблю тэатр, — зазначаў Валерый Раеўскі. — Раздражняе фальш, фальш у квадраце, у кубе. Там, дзе няма паэзіі, няма і праўды. Паэзія вышэй за побыт. Чалавек ідзе пад дажджом і складае вершы. Ён вольны, ён лунае. Чалавеку раптам адкрываецца сутнасць існага, разуменне тонкіх законаў, паводле якіх упарадкаваны свет, куды ён выпадкова трапіў. Я заўсёды імкнуўся да такой абвостранай паэтычнай праўды. Гэта не разлік, не інтуіцыя, а патрэба». Як важна нам сёння пачуць ягоны голас!

Магчыма, Валерыю Раеўскаму сапраўды пашчасціла, ён ствараў у эпоху, калі можна было падпарадкоўвацца толькі законам мастацтва? Калі не было такой жорсткай залежнасці ад фінансавання, ад іншых абавязковых і неспрыяльных для мастака ўмоў? Думаю, падобная ідэалізацыя мінулага зусім недарэчы. Існаваць яму было нашмат весялей. Прынамсі чуткі, што «Раеўскага здымаюць», у тэатральным асяродку ўзнікалі шматкроць. Я б сказала, не без падставы цыркулявалі з зайздросным пастаянствам. «Напішы: “Сабака брэша, а караван ідзе”», — адказаў ён неяк на маё лабавое пытанне.

f_ra_02

Далей былі: «З нагоды мокрага снегу» паводле Фёдара Дастаеўскага, «Ромул Вялікі» Фрыдрыха Дзюрэнмата, «Князь Вітаўт» Аляксея Дударава, «Эрых ХIV» Аўгуста Стрындберга, «Чычыкаў» паводле Мікалая Гогаля, «Вечар» Аляксея Дударава, «Васа» Максіма Горкага. Назвы апошніх спектакляў уражваюць надзвычайна. Можна сказаць, ніводнага халастога стрэлу. Пошукі новага сэнсу зямнога існавання, духоўнай змястоўнасці распачыналіся і працягваліся зноў і зноў. Сучаснаму тэатру гэтага вельмі не хапае. Нам не хапае Раеўскага.

Фота з архіва аўтара.

Добавить комментарий

Заполните поля или щелкните по значку, чтобы оставить свой комментарий:

Логотип WordPress.com

Для комментария используется ваша учётная запись WordPress.com. Выход / Изменить )

Фотография Twitter

Для комментария используется ваша учётная запись Twitter. Выход / Изменить )

Фотография Facebook

Для комментария используется ваша учётная запись Facebook. Выход / Изменить )

Google+ photo

Для комментария используется ваша учётная запись Google+. Выход / Изменить )

Connecting to %s