Валерый Мазынскі: «“Вольная сцэна” – самае каштоўнае, што ў мяне атрымалася»

Людміла Грамыка

Ідэя ўзнавіць гісторыю РТБД праз расповед мастацкіх кіраўнікоў належала тэатру і неўзабаве была ўвасоблена на старонках выдання, прысвечанага 25-годдзю сцэнічнага калектыву. Героямі публікацыі сталі Валерый Мазынскі, Валерый Анісенка, Аляксандр Гарцуеў і Аляксандр Марчанка. Гэта спроба прачыніць дзверы на творчую кухню, зірнуць на тэатральны працэс вачыма рэжысёра. Зразумець наколькі перапрацаваная крытыкамі тэатральная рэчаіснасць адрозніваецца ад таго, што адбываецца насамрэч.

01

Валерый Мазынскі. 1995

 

Як усё пачыналася? Увогуле, як гэта – ствараць тэатр?

– Пераехаўшы з Віцебска, я так і не знайшоў сябе. На падхопе быць ужо не мог. Псіхалогія мая змянілася, усё мусіў рабіць сам. Так і ўзнікла думка стварыць тэатр. Нацыянальны. Гэта была адвечная мая ідэя. У Віцебску паспяхова існавала «Лялька», выдатны прыклад, нармальная практыка. І я не баяўся рухацца ў гэтым напрамку. Мусіла ўзнікнуць структурнае падраздзяленне пры Купалаўскім, гэтаксама, як і «Лялька» пры Коласаўскім.

Ішоў 1991 год, міністрам культуры быў Яўген Вайтовіч. Ён мне дапамог. Тады час быў такі – многае развальвалася, зачынялася, ствараць асабліва ніхто не хацеў. Дый сродкаў не было. Як і чакаў, мне сказалі: «Мы табе нічым не дапаможам, хочаш – рабі». Але ўсё ж выдзелілі нейкія грошы на структурнае падраздзяленне пры Купалаўскім. Малая сцэна там не надта функцыянавала. Рукі да яе не даходзілі. Таму Раеўскі згадзіўся, і пачалося. Кіпцюрок ушчаміўся – усёй птушцы прапасці.

Для мяне галоўнай была сама ідэя, а не рэжысёрскае самасцвярджэнне. Мэта і мара былі большыя, чым я сам, існавалі па-за межамі маіх прафесійных амбіцый. Многія здзіўляліся, чаму першы спектакль раблю не я. Але я быў заняты арганізацыйнымі справамі. Перадусім важна было паглядзець на ўсё збоку. Таму першы спектакль «Ку-ку» Міколы Арахоўскага паставіў Андрэй Гузій. Потым «Сабаку з залатым зубам» Уладзіміра Савуліча – Валерый Раеўскі. Вось так усё і пачалося.

02

«Ку-ку» Міколы Арахоўскага. Тамара Пузіноўская (Ларыса), Ігар Дзянісаў (Вадзім).1992

Надалей галоўным было сабраць каманду. Бо я ведаў: надыдзе час, калі мы пачнём канкурыраваць з асноўнай сцэнай. Ледзь пачалі варушыцца – так і адбылося. Нам трэба было або заціхнуць, або рабіць наступны крок. Вырашылі стаць самастойнымі. Чаму б і не? Распачалі пошук памяшкання. Вольных будынкаў было шмат. Па вуліцы ідзеш – справа, злева стаяць пустыя, халодныя сцены з разбуранымі паддашкамі, столямі. Пасяджэнні ва ўстановах больш не праводзіліся, ідэалагічная работа на той час памерла. Грошы, якіх не хапала, прыносіла арэнда. Вось мы і знайшлі гэтае памяшканне, дамовіліся з дырэктарам інстытута па праектаванні воднай гаспадаркі. У пустой маленькай зале нічога не было, няёмка ўсё. Ды гэта нас не спыніла, трэба было пераехаць і замацавацца.

 

03

«Галава» Ігара Сідарука. Андрэй Кавальчук (Шукальнік), Мікалай Рабычын (Дурань з дзвярыма).1993

Чаму вырашылі, што гэта будзе менавіта тэатр беларускай драматургіі?

– Напрыканцы 1980-х у рэспубліцы было некалькі дзеючых драматургаў: Аляксей Дудараў, Анатоль Дзялендзік… Беларуская драматургія існавала недзе на адхоне, праблема была заўсёдная. Ніводзін тэатр асабліва не хацеў да яе набліжацца. Усе чакалі «новую п’есу ад Дударава». Цяпер маладой драматургіі шмат, прыйшло іншае пакаленне, «а-ля Еўроп». А ў той час пісьменнікі сусветную літаратуру, тым больш драматургію, проста не ведалі. Думалі, што п’еса – гэта перанесці дыялогі з рамана на паперу. Хоць усё было не так. Калі пачалася перабудова, паціху сталі з’яўляцца маладыя аўтары. Прыйшлі яны і да нас. Ідэя стварыць тэатр для маладых беларускіх драматургаў адпавядала новаму часу.

Перайшлі ва ўласнае памяшканне – што трэба было рабіць найперш?

– Стварыць цалкам іншую атмасферу. Не прынесці сюды тое, што было прывілеяй акадэмічных тэатраў. Ставім спектаклі і выконваем план – гэта не галоўнае. У мяне ў Акадэміі мастацтваў быў курс, з якім я і збіраўся будаваць тэатр. Так і сталася. Усе выпускнікі курса, за рэдкім выключэннем, прыйшлі да мяне.

04

«Віта Брэвіс, альбо Нагавіцы святога Георгія» Максіма Клімковіча і Міраслава Адамчыка. Алег Гарбуз (Скарына), Андрэй Кавальчук (Лютэр), Ігар Сігоў (Мелангтон). 1994

Такім чынам, уласнае памяшканне, новы тэатр, маладыя акцёры і драматургі… Карцінка склалася?

– Такога, каб драматургі валам пачалі пісаць, не здарылася. Нашы тэатры дагэтуль не гавораць пра сённяшні дзень. І ў тыя часы таксама цяжка пераходзілі да сучаснасці. Моўная сітуацыя тады змянялася, на вуліцах з’явіліся носьбіты беларускай мовы. Але, на дзіва, маладыя драматургі амаль усе пачалі пісаць па-руску. Гэта была постсавецкая драматургія, якая нічым не адрознівалася ад расійскай. Нашы рэаліі там не прысутнічалі. Гэта аказалася не такім лёгкім шляхам, але ж моладзь вакол нас згуртавалася. З’явіліся мастакі. Тады перад спектаклем пачалі рабіць «Выставу адной карціны»…

Так, новыя аўтары з’яўляліся менавіта на «Вольнай сцэне». Арахоўскі, Баравікова, Сідарук, Клімковіч, Адамчык, Кандрашоў, Кавалёў, Папова… Вялікі драматургічны зрух. Гэта былі постсавецкія творы з пэўна акрэсленымі традыцыямі, але ж вам удалося адкрыць шмат новых імёнаў. Вы пазіцыянавалі сябе як тэатр-лабараторыя. Што гэта было такое насамрэч?

– Канешне, тэатр-лабараторыя – назва ўмоўная. Так, мы працавалі з аўтарамі. Ды толькі, зразумела, п’есу калектывам не напішаш. Стварае адзін чалавек, максімум два. Гэта справа індывідуальная. Але спрыяць мы маглі. Перадусім беларускія аўтары пастаянна скардзіліся, маўляў, іх не ставяць, пра іх ніхто не думае. І сапраўды, з імі нават кантакту не існавала. Твораў, напісаных па драматургічных канонах, чыстых драматургаў, такіх як Макаёнак, Дудараў, было няшмат. Але з імі супрацоўнічалі ўсе. Тым не менш, структура класічнай драматургіі паступова ламалася. Гэта паспрыяла таму, што інакш пачалі ставіцца да людзей, якія прыносяць свае творы ў тэатр.

05

«Барбара Радзівіл» Раісы Баравіковай. Ігар Сігоў (Жыгімонт ІІ Аўгуст), Таццяна Жахоўская (Барбара Радзівіл). 1994

П’есы таго перыяду ўмоўна можна было падзяліць на тры кірункі: пра сучаснасць, абсурдысцкія і на гістарычную тэму…

– Стосаў п’ес не было. Але так склалася, што гэты зрух пасунуў творчых людзей да тэатра. І яны прыходзілі да нас. Не кудысьці – на «Вольную сцэну». У Міністэрстве культуры існавалі конкурсы драматургіі. Псіхалагічна я для сябе панізіў планку: мушу рабіць толькі гэта, трэба пакласці сябе на гэта… І атрымаў задавальненне, можа, ад таго, што быў першым. Амбіцыі ў гэтым плане прысутнічалі, але не шкодныя. Выцягнем новы твор на сцэну, раз-два пройдзе, і выдатна. Высілкі далі свой плён. Было цікава. Я нават да акцёраў пачаў ставіцца па-іншаму. Узнікла цудоўная атмасфера. Малады тэатр, маладыя творцы, ніякіх званняў, усе мы ў пэўным сэнсе першапраходцы. Дарэчы, званні ў той час лічыліся непрэстыжнымі.

Потым з’явілася яшчэ адна ідэя – перакладаць п’есы з мовы арыгінала. Раней заўсёды перакладалі з рускай, бо спецыялістаў не хапала. І тут Галіна Скакун, якая цудоўна валодала беларускай мовай, згадзілася перакладаць нямецкія п’есы. Мы задумаліся: як рэалізаваць ідэю? На пастаноўку грошай не было. Вырашылі чытаць публічна.

І вы зладзілі першыя чытанні!?

– Усё чаплялася адно за адно. Я зразумеў, што гэта абсалютна выйгрышная рэч.

Імя рэжысёра Валерыя Мазынскага было злучана з псіхалагічнай рэалістычнай школай. Пра тое, што патрэбны новыя формы, ніхто не думаў. Усё трымалася на ўсталяваных пастулатах. Але ж на «Вольнай сцэне» на пачатку 90-х адбываліся працэсы, якія актыўна пачалі развівацца толькі цяпер: праца з драматургамі, чытанні п’ес, масавы выхад на сцэну беларускіх аўтараў. Так, гэта была постсавецкая драматургія, але ж новыя аўтары былі незаштампаваныя, спрабавалі нешта рабіць па-свойму. Пашыраліся тэатральныя далягляды, засвойваліся сцэнічныя практыкі іншых краін, развіваліся авангардныя кірункі. Тэатр браў актыўны ўдзел у фестывалях. Вам удалося ажыццявіць тое, пра што марылі беларускія рэжысёры: прывесці ў тэатр курс, стварыць калектыў аднадумцаў.

– Да мяне існаваў давер: рабі. І я адчуў: трэба спрабаваць, спрабаваць што заўгодна. Час быў неверагодны. Прынамсі, даводзіў, што мастака нельга кантраляваць, прымушаць нешта рабіць. Яго сама прырода на гэта ставіць. Галоўнае – не перашкаджаць, не штурхаць яго. Ён сам пачынае шалець, пакутаваць, калі штосьці не атрымліваецца. А тут прысутнічала нейкая палётнасць. Маладыя артысты без прэтэнзій. Мы ўсе былі без прэтэнзій. Мне лёгка гэта далося. Я адпусціў сябе свядома і атрымліваў ад гэтага кайф. Ведаў: можна зрабіць і паказаць гледачу ўсё што заўгодна.

06

«Чорны квадрат» Максіма Клімковіча і Міраслава Адамчыка. 1994

Былі зламаны стэрэатыпы, укаранёныя ў свядомасці цягам жыцця?

– Так. Я дагэтуль здзіўляюся, што паставіў «Галаву». Абсалютна не мая драматургія. Некалі ў 1984 годзе польскі рэжысёр увасобіў у Коласаўскім тэатры «Танга» Мрожэка. Мне тады хацелася праваліцца скрозь зямлю, бо такога жаху я ўявіць не мог. Нашы акцёры абсалютна не адчуваюць адхіленасці. На сцэне быў не Мрожэк, а Астроўскі.

І вы паспрабавалі змяніць спосаб акцёрскага існавання ў сваіх спектаклях?

– Так. Мне было вельмі цікава, эксперыментаваў сам з сабой. І дагэтуль не разумею, пра што яна, «Галава». Вядома, нейкія ідэалагемы даць можна, але… Я перадусім шукаў псіхалагічныя матывацыі. Без гэтага нельга, ды ў такой драматургіі яны не павінны быць моцныя. Ёсць толькі намёк… Чалавек усё ўспрымае па нейкай псіхалогіі, але прынцып можа быць розны. А мы, магчыма, адну толькі псіхадраму і ведалі. Унутрана я разумеў: ламаць усё трэба, выблытвацца з гэтага.

Што спрабавалі канкрэтна?

– Я ведаў, псіхалогія будзе сядзець ува мне, я буду з ёй змагацца, яна будзе мяне даймаць… Мне трэба было яе нейкім чынам вывернуць… Каб яна візуальна ламалася: хоча быць такой простай, а натыкаецца на нейкі абсурд. Гэта зусім іншая вобразная сістэма. Каб акцёр у такой сітуацыі зажыў па-іншаму, трэба… Насамрэч, трэба, як дзеці гуляюць… Даць выканаўцы замест самалёта табурэтку. Пасадзіць туды саракагадовага Рабычына. Дарослы чалавек, не дзіця… Калі дзіця пасадзіць – гэта нармальна мы ўспрымаем. Калі дарослага… гэта і ёсць абсурд. На самой справе, у беларускім тэатры заўсёды ўсё было перавернута. На сцэну выходзіш – там нібыта натуральнае дрэва, але зробленае з пап’е-машэ. Такая няпраўда лічылася праўдай. І ў мяне адбывалася ўнутраная вайна з мажлівасцю акцёрскага выказвання.

07

«Рычард» Уільяма Шэкспіра. Алег Гарбуз (Рычард), Мікола Кучыц (Першы забойца). 1995

Трэба было шукаць новы ўзровень сцэнічнай праўды?

– Вядома, мы толькі пачыналі. Не магу сцвярджаць, што цалкам атрымалася. Псіхалогія, як вярыгі, трымала за ногі, ды нешта мы ўсё ж зрабілі, выкруціліся. Час і вуліца дапамаглі знайсці фінал для «Галавы». З Малой залы Купалаўскага тэатра быў выхад на вуліцу. Мы чулі, што ў горадзе адбываецца. Неяк падчас спектакля ішла дэманстрацыя. І Рабычын частку дэкарацыі – дзверы, раму такую, – вынес і паставіў на тратуар. Людзі ішлі праз гэтыя дзверы, вымушаны былі. Акцёры ў фінале выйшлі на вуліцу і дайгралі спектакль там. Гэта быў момант, калі жыццё і тэатр спалучыліся. І адзін такі эпізод вельмі шмат даў акцёрам: жывы кантакт.

Ці ўзнік жывы кантакт з гледачамі, калі пачалі працаваць ва ўласным памяшканні?

– Так, сюды пацягнула людзей. Былі аншлагі, прыходзіла шмат моладзі. Менавіта з акцёрамі ў гледачоў узнік кантакт. І не таму, што сцэна блізка. Яна можа знаходзіцца літаральна перад носам, а паміж выканаўцамі і публікай будзе існаваць прорва. Акцёры на «Вольнай сцэне» адчувалі дыханне і рэакцыю залы. Кантакт адбываўся нават без тэксту, без нічога. Выходзіць акцёр на сцэну – і дыханне пайшло. Яны былі смелыя ў гэтым, яны абсалютна не адчувалі сябе першакамі.

Калі маладыя акцёры прыходзяць у тэатр, то па некалькі гадоў сядзяць амаль без працы. Чакаюць роляў. Гэта псіхалагічна складана. А тут яны былі разам, на сцэне, на роўных. Пасля першых спектакляў зала ўставала і гула… І мы адчулі: ёсць наша публіка, мы ёсць, у нас атрымалася. У той час на ўсіх была адна грымёрка-курыльня, дзе пастаянна абмяркоўвалася ўсё на свеце. Неяк заўважыў, што моладзь з Купалаўскага тэатра прыходзіць сюды па вечарах. Саша Гарцуеў прыходзіў. Вабіла атмасфера, якая тут існавала. І мы не былі адарваны ад жыцця і ад людзей.

08

«Узлёт Артура Уі, які можна было спыніць» Бертольта Брэхта. 1997

Якія яшчэ цудоўныя моманты запомніліся?

– Паездкі на фестывалі, асабліва першая, у Шатландыю. У вялізным шэсці разам з тэатрамі з усяго свету мы ішлі па галоўнай вуліцы Эдынбурга. Прыехала прынцэса Дыяна, глядзела на ўсё гэта…

І ўсё ж: цягам працы ў тэатры чаго ўдалося дамагчыся, а чаго не?

– Восем гадоў – не так і шмат. Ды гэта якраз такі тэрмін, калі ў тэатры трэба мяняць пакаленне. Уліваць яшчэ адзін курс. Адсюль патрошачкі пачалі забіраць акцёраў у іншыя тэатры, але я быў да гэтага гатовы. Рэальнасць жыцця. Чалавек сталее, яму ўжо 35, 40 гадоў. А для такога тэатра гэта – смерць. Ён становіцца звычайным, рэпертуарным. У нас так ці інакш быў рэпертуарны тэатр. Сям’я. З сям’і старэйшыя мусяць сыходзіць, і гэта нармальная з’ява. Трэба было браць новы курс, калектыў амалоджваць.

09

«Апошняя пастараль» паводле Алеся Адамовіча. Ігар Сігоў (Мужчына), Людміла Сідаркевіч (Жанчына).1998

Мусіла ўзнікнуць іншая тэатральная мадэль, якая мела б сэнс, калі…

– Так. Я нават да Раеўскага хадзіў, да Луцэнкі: прыгледзьцеся да акцёраў. А спектаклі што ж шкадаваць? Будуць іншыя. І, канечне, я хацеў сам рыхтаваць сваіх акцёраў.

Ці можна вылучыць шэраг найлепшых спектакляў таго часу?

– Гэтае пытанне мяне заўсёды ставіць у тупік, бо я не магу даць на яго адказ. Можа, проста такая ўласцівасць майго характару, але мне ўсё не падабалася, у большай або меншай ступені. Мне казалі: гэта геніяльна! Прэміі атрымліваў… Ды ні адзін спектакль мяне цалкам не задаволіў. Дзіўна, вось так. Самае каштоўнае, што атрымалася, – я запачаткаваў «Ляльку» і зрабіў «Вольную сцэну». Вось мае лепшыя спектаклі.

10

Валерый Мазынскі і Аляксандр Гарцуеў.

Валерый Мазынскі
Нарадзіўся 20 лютага 1947 года ў в. Вялікае Стахава Барысаўскага раёна. Скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1974). Галоўны рэжысёр Беларускага дзяржаўнага тэатра імя Якуба Коласа ў Віцебску (1976–1989). Мастацкі кіраўнік Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі (1991–2000). Выкладаў акцёрскае майстэрства ў БДТМІ і Беларускім універсітэце культуры.
Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР. Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь.

Добавить комментарий

Заполните поля или щелкните по значку, чтобы оставить свой комментарий:

Логотип WordPress.com

Для комментария используется ваша учётная запись WordPress.com. Выход / Изменить )

Фотография Twitter

Для комментария используется ваша учётная запись Twitter. Выход / Изменить )

Фотография Facebook

Для комментария используется ваша учётная запись Facebook. Выход / Изменить )

Google+ photo

Для комментария используется ваша учётная запись Google+. Выход / Изменить )

Connecting to %s