Людміла Грамыка
Аляксандр Гарцуеў прыйшоў у РТБД ужо сфарміраваным творцам. Ён з пакалення «ператрыманых» рэжысёраў, тых, каму не давялося адпачатку працаваць самастойна, насуперак усталяваным іншымі тэатральных правіл. Прынамсі, рэвалюцыйныя пераўтварэнні ў ягоныя намеры не ўваходзілі. І ўсё ж, цягам чатырох год у РТБД шмат што змянілася. Нават здаецца, што тэатр цяпер на раздарожжы: паміж мінулым і надыходзячым. Варта спадзявацца.
Дваццаць пяць гадоў таму вы не толькі назіралі, як ствараўся тэатр, але і самі бралі ў гэтым удзел. Ці так было насамрэч?
– Так атрымалася. Браў удзел у стварэнні РТБД і, натуральна, не ведаў, што праз дваццаць гадоў лёс прывядзе мяне сюды. У 1992-м у спектаклі «Ку-ку» я выконваў ролю Косці. Адбылася нейкая тэхнічная затрымка, таму тэатр адкрываўся менавіта гэтым спектаклем. Напачатку яго не збіраліся паказваць першым. Потым Валерый Раеўскі паставіў «Сабаку з залатым зубам», дзе я таксама быў заняты. Дарэчы, нам цяжка было зразумець, што гэта іншы тэатр, а не Малая сцэна Купалаўскага. Для нас нічога не змянілася, і сур’ёзна падзею мы не ўспрымалі. Толькі калі калектыў пераехаў у іншае памяшканне, мы ўсвядомілі: гэта быў пачатак новага тэатра.
Якой была «Вольная сцэна», прынамсі, якой захавалася ў памяці?
– Я добра ведаю гэты перыяд, бо працягваў выходзіць у спектаклях «Вольнай сцэны».
Тэатр шмат эксперыментаваў, ставілі пераважна сучасную беларускую драматургію. Займаліся яё развіццём. Гэта насамрэч была лабараторыя. П’есы даствараліся на сцэне разам з акцёрамі, на чытаннях, на праглядах і г.д. Імёны драматургаў былі іншыя. Усе яны некуды падзеліся. Хтосьці пайшоў з жыцця, хтосьці больш не піша п’есы.
Прынамсі, сёння гэта людзі ўжо немаладыя. Я ўдзячны Мазынскаму і за тое, што ён дазволіў мне на «Вольнай сцэне» паставіць мой першы спектакль «Чорны квадрат». Пастаноўка была эксперыментальная, паспяховая, касавая, трымалася ў рэпертуары, пакуль я сам не спыніў яе існаванне.

«Тры Жызэлі» Андрэя Курэйчыка. 2013
Калі вы ўзначалілі тэатр, вам, у адрозненне ад папярэдніх кіраўнікоў, не давялося пачынаць з нуля?
– Аднойчы мяне выклікалі ў Міністэрства культуры і прапанавалі ўзначаліць РТБД. Зразумела, я прыйшоў сюды з багажом Купалаўскага тэатра, дзе праслужыў 32 гады. Я не быў нейкім радыкальным рэжысёрам і напачатку паставіў даволі традыцыйны спектакль «Тры Жызэлі». Але цяпер пачынаю штосьці пераасэнсоўваць. Іншая трупа, іншыя тэндэнцыі, мне ўсё болей хочацца эксперыментаваць. Пра гэта сведчыць і мой апошні спектакль «Пелікан», і «гістарычна недакладная трагікамедыя» «Кар’ера доктара Раўса» пра Францыска Скарыну, якую напісаў Віктар Марціновіч. Ягоны твор закранае праблемы нацыянальнай самасвядомасці, моўнага паходжання, якія выяўлены ў нязвыклай, экстравагантнай форме. Тут мне цікава рызыкаваць.
Як канцэптуальна ўваходзіць у вашу свядомасць Тэатр беларускай драматургіі?
– Адзін вядомы тэатральны дзеяч з іншай краіны вельмі здзівіўся, калі даведаўся, што я мастацкі кіраўнік Тэатра беларускай драматургіі. Выраз яго твару быў недаўменны. Ён запытаўся: «Як беларускай драматургіі? Менавіта так тэатр і называецца? І што, толькі ў вас ставяць беларускую драматургію?» Я разумею ягоную з’едлівую цікаўнасць. У свеце не існуе тэатраў французскай, нямецкай, англійскай драматургіі. Так, спектаклі не ствараюцца паводле нацыянальных прыкмет. Але трэба жыць у Беларусі, каб зразумець, чаму нам неабходны менавіта такі тэатр. У 1980-х айчынная драматургія практычна знікла. Калі ствараўся РТБД, яна была настолькі па-савецку вывернута, што перапрацаваць немагчыма. Ставілі выключна п’есы Дударава. Сёння сітуацыя іншая. З’явіліся конкурсы драматургіі. Чытанні з нейкага дапаможнага інструментарыя для распаўсюджвання п’ес ператварыліся ў самадастатковы жанр. Беларускія аўтары трапляюць на велізарны расійскі рынак, за мяжу, ёсць шанс, што там іх тэксты трапяць на падмосткі.
Такім чынам, вы прыйшлі ў тэатр, мэты якога дакладна акрэслены…
– Так. І я не прыйшоў сюды разбураць або ствараць штосьці наноў. Тут была жывая сфарміраваная трупа. Пэўную катэгорыю акцёраў я замяніў. З’явіліся новыя. Ламаць тэатр праз калена і ствараць нешта іншае патрэбы не было. Усё роўна гэта традыцыйны рэпертуарны тэатр. Яго асаблівасць – спектаклі па п’есах сучасных беларускіх драматургаў. Гэта касцяк РТБД. І гэта супадае з маім светаўспрыманнем, з маёй нацыянальнай свядомасцю. Я ведаю, што вырашаю складаную задачу, і таму адчуваю грамадзянскую адказнасць. Прынамсі, у рэпертуары Купалаўскага тэатра каля 50 працэнтаў беларускай драматургіі, а ў нас – 80 працэнтаў. Але ж гэта не прымус, не лічбы, вызначаныя загадам зверху. Мой свядомы выбар. Тэатр створаны для падтрымкі і развіцця сучаснай беларускай драматургіі, чым мы, па меры магчымасцей, і займаемся.

«Раскіданае гняздо» Янкі Купалы. Максім Брагінец (Сымон). 2013
Наколькі паспяхова? Рэжысёры звычайна скардзяцца, што добрых п’ес не стае.
– Нялёгка даводзіцца. Не ляжаць добрыя п’есы стосамі. Каштоўнае у іх, тое, што мяне цікавіць, рэдка трапляецца. Але ж перспектыва на колькі год у мяне акрэслена.
Вось якраз тое, што адлюстроўвае сітуацыю вакол тэатра, вызначае цікавасць да яго, фарміруе рэйтынг.
– Прыемна, калі вакол тэатра збіраюцца творчыя, таленавітыя людзі. Праз іх руплівасць прыходзіць новае разуменне не толькі тэатральнай сітуацыі, а і жыцця. Усё ж такі культуралагічны цэнтр тут існуе. Магчыма, ён не надта вялікі, не ўсеабдымны, але вельмі патрэбны для беларускай сцэнічнай культуры. Цэнтр беларускай драматургіі выконвае сваю функцыю, і ягоны кіраўнік Аляксандр Марчанка робіць для гэтага ўсё магчымае.
Спектаклі, якія сёння прысутнічаюць у рэпертуары, умоўна можна падзяліць на тыя, што рухаюць тэатр наперад, і тыя, што рух наперад крышачку стрымліваюць. Ці так?
– Спектаклі, якія, на вашу думку, затрымліваюць рух наперад, насамрэч кормяць тэатр. І мы не можам рабіць выгляд, быццам нас не цікавяць грошы. Мы – рэпертуарны тэатр, што часткова датуецца дзяржавай. У нас ёсць спектаклі, якія з мастацкага боку, магчыма, і састарэлі, але іх любіць публіка. Яны добра прадаюцца, і гэта нармальна. Спектаклі авангардныя, эксперыментальныя, тыя, што рухаюць наперад тэатральную думку, нам таксама неабходныя. Толькі яны не заўсёды збіраюць гледачоў, і мы не можам не зважаць на гэтую жорсткую праўду жыцця.
«Любоў людзей» Дзмітрыя Багаслаўскага. Ганна Семяняка (Люська). 2015
Тэатр – адбітак жыцця. На сцэне можна зафіксаваць тое, што адбываецца з чалавекам, з ягоным спосабам мыслення, здольнасцю ўспрымаць і апрацоўваць інфармацыю. Натуральна, развіваюцца новыя формы, хоць іх не заўсёды ўспрымае публіка, выхаваная на састарэлых тэатральных штампах…
– Так, сучасная тэатральная мова вызначае вонкавы малюнак спектакля і дыктуе іншы спосаб мыслення. І гэта самае складанае ў нашых абставінах. Складанае не толькі для беларускіх акцёраў і рэжысёраў, а і для глядацкага ўспрымання. Нельга пераскочыць праз час. Многае з таго, што цяпер паспяхова ідзе на сцэне РТБД, гледачы не здольныя былі асэнсаваць дваццаць гадоў таму. Глядач таксама павінен расці, саспяваць у сацыяльным, філасофскім плане
Тэатр мусіць крыху апярэджваць публіку, але не можа забягаць далёка наперад, бо застанецца з пустымі заламі. Сёння мы дазваляем сабе спектаклі правакацыйныя, якія выклікаюць роздум і супрацьлеглыя ацэнкі. «Мабыць?», «Пелікан», «Дажыць да прэм’еры», «Гэта ўсё яна» – такія новыя абставіны, прадыктаваныя часам.
У РТДБ ёсць уласныя гледачы, тыя, што аддаюць перавагу менавіта вашаму тэатру. Праца з імі таксама можа стаць часткай тэатральнай стратэгіі…
– Вось чытаю запіс у кнізе водгукаў, якая заўсёды ляжыць у тэатральным фае: «Мой улюбёны тэатр, я хаджу толькі сюды». Вельмі хочацца, каб РТБД існаваў як авангардны беларускамоўны тэатр. Каб гледачы прыходзілі сюды беларускую мову паслухаць. Мне здаецца, што гэта ў пэўнай меры атрымліваецца. Магчыма, пакуль не на ўсе сто працэнтаў, і варта прыкласці шмат намаганняў, каб узнік сапраўдны беларускамоўны эталон. Накшталт: вось сучасная беларуская драматургія; вось мова і людзі, якія на ёй размаўляюць; ёсць нацыя, ёсць беларускі тэатр. Важна ўсё, што мы робім, напоўніць сучасным зместам. Праз драматургію, праз тэксты, як цяпер гавораць. За 25 гадоў вырасла новае пакаленне гледачоў, равеснікі нашага тэатра, якія савецкую сцэну ўвогуле не ведаюць. Яны актыўныя, разумныя, нацыянальна больш свядомыя. Магчыма, гэта і ёсць наша публіка
Пра што з сучасным чалавекам абавязкова трэба пагаварыць?
– Тут я абсалютна нічога новага не скажу. Можна размаўляць толькі пра чалавека, пра яго… Час цяпер сухі, жорсткі, канкрэтны, цяпла ў ім няма. Цяпла было болей пры Савецкім Саюзе, гэта праўда. А для мяне цеплыня чалавечых душ – галоўнае. Я люблю, калі ў зале плачуць гледачы. Калі гледачы ў зале плачуць, значыць, тэатр добры. Калі ж сядзяць, проста счытваюць інфармацыю – эстэтычную, сэнсавую, якую заўгодна, – гэта ўвогуле не тэатр, а лекцыя. Глядач не павінен быць абыякавым.

«Пелікан» Аўгуста Стрындберга. Людміла Сідаркевіч (Маці), Арцём Курэнь (Сын).2016
Але ж існуе выраз «гарачы розум»…
– Правільна, эмоцыя ўзнікае праз усведамленне. Ды не хочацца, каб людзі «сухімі» заставаліся. Важна дастукацца да кожнага. Вось прыходзіць у тэатр чалавек абыякавы, а сыходзіць – штосьці ў ім змянілася. Ён нават сам ад сябе такога не чакаў. Значыць, усё правільна. Так людзі лепшымі становяцца. Гэта як наяўнасць жывёл сярод людзей. Я ўпэўнены, сабакі сярод людзей існуюць, каб людзі не забываліся на тое, што яны людзі. Каб згадвалі, што могуць быць добрымі. Ёсць такая рэдкая якасць – спагадлівасць, яе хочацца выклікаць у гледачоў. Не спачуванне, а менавіта спагадлівасць. Калі гэтую ўласцівасць развіваць, людзі зробяцца лепшымі.
Мне здаецца, чалавек часам сам здзіўляецца, што здатны спачуваць выдуманым героям. У такім выпадку наша работа не прайшла марна. А калі проста счыталі нейкі інфармацыйны код, ды яшчэ зазначылі, маўляў, пазнавальны спектакль, павучальны – гэта нецікава. Урэшце, можна кніжку адкрыць і прачытаць. А тут – душу скрэбці трэба. Пранікаць у сутнасць чалавека, у сутнасць самога сябе, праз самога сябе, а ў выніку выйсці на гледача – маладога, сталага, старога. Калі ў ім штосьці пачне прачынацца, у тым ліку свядомае пачуццё нацыянальнага гонару, значыць, такі тэатр патрэбны.
Вы казалі пра авангардны тэатр. Што мелі на ўвазе?
– Тэатральную форму. Сутнасць не зменіцца ніколі. Я хачу сумясціць нечаканую для мяне форму з цікавым для гледача зместам. Вызваліцца ад традыцыйных пут, ад школы, карыстацца адвольнымі тэатральнымі прыстасаваннямі і хадамі. З дапамогай новага інструментарыя распавядаць пра чалавека. Магчыма, так лягчэй будзе патрапіць у гледача. Я вельмі доўга ішоў да п’есы Віктара Марціновіча, пакуль зразумеў, што для яго не існуе ніякіх умоўнасцей. Ён піша, як думае. Галоўнае – пра што гаворыць. Адсюль узнікае абсалютная свабода выяўлення сэнсу.
Значыць, тэатр мусіць змяняцца разам са светам і жыццём?
– Канечне. Але, як нас вучылі ў старой школе, тэатр крышачку адстае. Так, тэатр павінен змяняцца, і ён змяняецца разам з намі. У якой меры – залежыць ад таленту і ўнутранай свабоды мастака, рэжысёра, драматурга. Я маю на ўвазе найперш не палітычную свабоду, а тое, як мастак успрымае жыццё. Ці здатны ён не азірацца на іншых, не баяцца невядома чаго? Мы ўсе нібыта запалоханыя, штораз спасылаемся на нейкія пастулаты, на кансерватыўныя законы, на школу. Так можна, а гэтак нельга. Чаму нельга? Калі трэба для раскрыцця зместу – рабі! Ува мне шмат эстэтычных табу, я іх не магу пераадолець. Часам таму, што не хачу. У гэтым мой кансерватызм.
Што такое «Чорны квадрат» Малевіча? Вось гэта і ёсць: глядзіце на чорны квадрат, які ёсць абсалют, – я разбураю ўсе межы, усе ўяўныя ўмоўнасці. Фантазіруйце, вось – чорная пустата! Але я, напэўна, да гэтага пакуль яшчэ не гатовы.
Якая тэатральная форма для вас магла б зрабіцца абсалютам? Ці магчымы «чорны тэатральны квадрат»?
– Уяўляю тэхналагічна аснашчаны спектакль, падчас якога ў гледачоў знікае адчуванне, што яны знаходзяцца ў тэатры. Гэта ілюзія непасрэднай прысутнасці ў сітуацыі і поўнае эмацыйнае спалучэнне, калі разбураецца не толькі чацвёртая, а і другая, трэцяя, пятая сцены. Дыялог на роўных з выкарыстаннем неверагодных тэхналогій, якія дапамагаюць рэжысёру і акцёрам патрапіць у самае сэрца гледача. Урэшце, знікне падзел на выканаўцаў і гледачоў, мы зможам проста размаўляць.
Аляксандр Гарцуеў
Нарадзіўся 15 чэрвеня 1959 года. Скончыў акцёрскі факультэт Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (1980), рэжысёрскі факультэт Расійскай акадэміі тэатральнага мастацтва ў Маскве (2000). Працаваў акцёрам, з 2001 года – рэжысёрам Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы. З 2012-га — мастацкі кіраўнік Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны. Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь. Лаўрэат Нацыянальнай тэатральнай прэміі.