Таццяна Мархель: «Зямля і неба тут – мае»

Людміла Грамыка

Яе прыродная ўласцівасць быць не як усе і заўсёды заставацца сабой як мага лепш дастасоўваецца да акцёрскай прафесіі. Здавалася б, што тут асаблівага? Ды толькі якраз здольнасць існаваць у вобразе і заставацца сабой маркіруе нешараговых акцёраў – тых персон, якім ёсць што распавесці ад сябе і якія ніколі не здрадзяць ні аўтару, ні рэжысёру. «Будую дакладны ланцужок думкі, – тлумачыць актрыса. – Важна зразумець кожнага чалавека. Кожны характар мае права на існаванне, нечым заўсёды апраўданы».

Сама яе прысутнасць на сцэне, нават у невялікім эпізодзе, свідруе мозг і застаецца ў памяці. Вонкавы вобраз і сэнсавы мэсэдж. Хочаш не хочаш, успрымеш і засвоіш усю каштоўную інфармацыю – штораз іншую, змацаваную жыццёвай філасофіяй і асабістымі ведамі пра чалавека. І не выпадкова: магістральны змест кожнай ролі звычайна больш за лакальны, закладзены драматургам.

Гутарка з актрысай Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі народнай артысткай Беларусі Таццянай Мархель адбылася напярэдадні яе юбілею.

01

Жыццё, каханне, тэатр… На ваш погляд, якім мусіць быць парадак слоў у гэтым ланцужку? Што першае?

– Тэатр. Каханне можа здрадзіць. А тэатр – гэта тое, на што варта спадзявацца. Ёсць месца, куды ты прыходзіш і можаш з задавальненнем нырнуць у нейкі выдуманы свет, сысці ад абыдзёншчыны, ад гэтай мітусні, ад усяго, што паўтараецца бясконца. Жыццё – яно ўвогуле такое прадказальнае… Крышачку сэксу, крышачку пажэрці, крышачку выпіць – ну і ўсё… Што яшчэ?

Хіба тэатр усё напаўняе сэнсам?

– Безумоўна. То такая роля, то гэткая… Людзі – іншыя. Раптам чалавек – нібы цэлая эпоха… І потым, як мы ўсё гэта прачытаем. Паглыбляешся ў змест, уяўляеш, ходзіш па вуліцы, думаеш, сон не ідзе… Разважаеш: пра што гэта? А гэта? І вось яно ўжо тваё. Вядома, бываюць розныя сітуацыі… Але апошняя інстанцыя мая… Я выходжу да гледачоў. Трымаю ўсё, што закладзена драматургам і рэжысёрам. Нясу. І магу дадаць нешта сваё, трошкі памяняць.

Канешне, галоўнае – тэатр. Вядома, калі каханне прыходзіць, гэта вар’яцкі дом. Ды толькі тэатр ніколі не здраджвае. Дарэчы, любімы жарт: усё маё напісана на сцяне. У кожным тэатры для акцёраў вывешваецца расклад на тыдзень. Паводле гэткага раскладу я існавала амаль 55 гадоў. Тэатр – дом. Дом – тэатр. Падрыхтоўка да рэпетыцыі… Клопат пра здароўе – дзеля таго, каб выйсці на сцэну. Хварэць – толькі калі не занятая ў спектаклях. Нават калі пэўны час няма новых роляў, я іграю тое, што іграла, здымаюся ў кіно. Занята ўсё ў мяне.

02.jpg

Таццяна Мархель – студэнтка Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. 1960-я.

Многія кажуць, што тэатр апошнім часам змяніўся. Як вы думаеце, што цяпер інакш?

– Я гэта называю так: што не сыграем, тое станчым. І пра сябе магу сказаць: што не дайграю, тое праспяваю. Не проста некага крытыкую. Зрэшты, нядаўна мы запісалі перадачу на тэлеканале «Культура», у якой сабралі ўрыўкі з маіх спектакляў, фільмаў. Я паглядзела на сябе збоку і адчула: для мяне правялі псіхатэрапію. Тое, што ўбачыла, было вельмі натуральна і хораша. Іграла спакойна, удумліва. Як бабы ў вёсцы, якія адгаласілі, а пасля распавядаюць сваё…

Малады акцёр абапіраецца на тое, чаму навучылі ў ВНУ. А пасля цягам жыцця застаецца сам-насам у прафесіі. Ваша «Беларусь. Дыдактыка» ўразіла зместавай ёмістасцю: у спектаклі ў сканцэнтраваным выглядзе ёсць усё, што мы ведаем пра жыццё. Я разумею, перада мной актрыса, за якой сачу, якую люблю, і ў той жа час бачу нейкі іншы ўзровень прафесійнай свабоды…

– Ну, можа быць. А наогул, проста так склалася. Рэжысёр Аляксандр Марчанка даў мне волю: «А што б ты тут зрабіла? А далей?» І, здавалася б, ідзеш проста, думка за думку чапляецца, адно ўспомню, потым другое… Без усякага знешняга сюжэта. Мы прывыклі да яго, а тут крочыш вольна, потым усплывае нешта. Вядома, я вельмі хвалявалася, ці будзе гэта глядзецца. А цяпер абжылася і нават не баюся.

Значыць, актрыса ўсё зрабіла? Ці рэжысёр?

– Безумоўна, рэжысёр. Дарэчы, для мяне недапушчальна, калі стасункі з рэжысёрам кепскія. Калі працуем разам, мушу давяраць яму абсалютна – проста самы блізкі на гэты перыяд чалавек. Мы робім адну справу, я ж яго душу ведаю, разумею, што ён хоча. А яшчэ мне гэта вельмі цікава. Цяпер вось з задавальненнем працую ў спектаклях Аляксандра Гарцуева «Тры Жызэлі» і «Любоў людзей».

Атрымліваецца, гэта прафесія такая самадастатковая: замяняе ўсё ў жыцці?

– Увогуле, так. Не ўсё, канешне, але ва ўсялякім выпадку на гэтым можна выехаць.

03.jpg

«Саламяны капялюшык» Эжэна Лабіша. Анаіс. Магілёўскі абласны драматычны тэатр. 1969.

Пражыць жыццё іншага чалавека, зразумець яго пачуцці і думкі – увогуле, цікавы занятак…

– Я цяпер на ўсю чалавечую мітусню так і гляджу – збоку. Ну, як на свавольства нейкае.

А што ўрэшце чалавеку застаецца?

– О, застаецца шмат. Пайшоў, сеў, глядзіш на неба і птушак. Уключыў музыку добрую – рэлакс. Птушкі спяваюць, аблокі плывуць… Або лісце асыпалася, выпаў снег… У Вісагінасе, куды сёлета з «Дыдактыкай» запрасілі на фестываль, убачыла, як лісце памірае. Жоўтае хараство, сонца свеціць, усё гэта ў возеры адбіваецца… Божа, якая радасць!.. А яно памірае… І так прыгожа: падае, усцілае зямлю, радуе вока. Няхай бы мы – як лісце, без гэтага болю… Але, можа, яму таксама баліць, мы ж не ведаем…

Калі зірнуць на шлях, пройдзены ў розных тэатрах, пэўна бачна, што ён падзяляецца на нераўнацэнныя перыяды…

– Так. Напачатку працавала ў Гродне. Ну працавала і працавала – не ведала, што можа быць лепш. Пасля ў Магілёве нешта іграла. І раптам – Віцебск, Коласаўскі тэатр. Інсцэніравалі Уладзіміра Караткевіча, Якуба Коласа. Беларускія творы – вось што аказалася цікава. Валерый Мазынскі паставіў «Сымона-музыку» – пра месца мастака сярод людзей. Гэтая тэма прагучала магутна. Тады нешта вельмі істотнае для мяне адбылося. Дарэчы, у «Сымоне-музыку» я ўпершыню заспявала на драматычнай сцэне…

…І дастаткова было адной ролі, каб стаць актрысай, пра якую ўсе гавораць. Як трактавалі вобраз Маці?

– Я казала: «Не дзіця, а нейкі здрада, не падобны да людзей…» Маці быццам бы не павінна так гаварыць. Ды яна разумела, што Сымон не такі, як усе, што лёс ягоны будзе цяжкі. Гэта пакута. Лепш быў бы як усе. Усведамленне незвычайнасці дзіцяці і прадчуванне трагічнага лёсу былі галоўным для маёй гераіні. Пераважала жаданне ўтрымаць (Маці выскоквала следам: «Го, Сымон, ідзі ў хату!»)…

04

«Сымон-музыка» паводле Якуба Коласа. Маці. Беларускі тэатр імя Якуба Коласа. 1976.

Але мастак, творца мусіць пайсці сваёй дарогай?

– Думаю, што так. Калі існуе прага творчасці, пойдзе і не спыніцца. Патрэба – непераадольная, і не мае значэння, як да гэтага паставяцца.

І лёгка мне стала па тым часе, разумееш? Неяк цёпла. Вось жывеш у свеце і ведаеш, што зямля і неба тут – твае. Якім гэта словам назваць – невядома. Я проста адчула тады гэта ўсё. Калі ў Мінск пераехала, працы асабліва не было ў 90-я. Але ў мяне ўжо мелася глеба пад нагамі.

Якія ролі, сыграныя ў Коласаўскім тэатры, засталіся з вамі?

– Маці з «Сымона-музыкі» Якуба Коласа, Ганна з «Вечара» Аляксея Дударава, Аднавочка з «Клеменса» Казіса Саі. У спектаклі «Кастусь Каліноўскі» паводле Уладзіміра Караткевіча я хадзіла ў масоўцы, але гэта для мяне было радасцю надзвычайнай! «Вялікі мой народ, зямля мая, хачу табе аддаць сябе самога», – чытаю цяпер тут у сваёй «Дыдактыцы»…

Ці прыйшло ў Віцебску ўсведамленне, што тэатр можа існаваць вакол нацыянальнай ідэі, што ёсць з дзяцінства зразумелыя рэчы, у якіх прысутнічае адчуванне зямлі, Беларусі?

– У Віцебску мне шанцавала на людзей. Мы ладзілі творчыя вечарыны, так званыя «Тры “Б”»: Барадулін, Бураўкін, Быкаў. Літаратура, паэзія, глеба беларуская…

З дзяцінства я жыла ў вёсцы і не ведала: тое, што адбываецца са мной, існуе вакол мяне, камусьці можа быць цікава. А тут у мяне быццам з’явіліся крылы. І гэта было як адкрыццё: людзі і прастора, дзе можна суіснаваць. Раптам аказалася: звычайнае жыццё, якім я жыла ў вёсцы (была пастушкай да шаснаццаці гадоў, пакуль школу не скончыла), – гэта штосьці вельмі каштоўнае і важнае для мяне. Тут яшчэ мама мела значэнне, тое, як яна спявала. І астатняе ўсё.

А я там кароў пасвіла… Іх жа выганяюць а пятай раніцы. Каровы паскубуць травы з расой, а як сонца падымецца, яны прыгрэюцца і лягуць. Я таксама на ватоўцы побач, адчуваю – сонейка грэе, драмлю… Тады ўжо мама ідзе ўздоўж агародаў: «Тома, ідзі бліны есці». І я бягу… А бліны такія наздраватыя, смачныя, масла туды накінуць… І ўсё гэта – падмурак эмацыйны на цэлае жыццё…

05

У тэлевізійным фільме «Новая зямля» паводле Якуба Коласа. Ганна. 1982.

А чаму Томай клікалі?

– Бацька ў сельсавеце запісаў мяне Таняй. А маці абурылася, бо ў нас у вёсцы Танька была… не як усе, і накінулася на яго: «Яе ж будуць Танькай дурной зваць!» А бацька кажа: «Заві як хочаш». Томай я была ўсё дзяцінства. Ды калі трэба было школьны атэстат выдаваць, паглядзелі ў метрыку, а я – Таня.

Дзе радзіўся, там і згадзіўся… Тэатр навучыў вас шанаваць усё гэта?

– Само сабой склалася. Бог вядзе вось так, і ўсё.

Натуральна, як дыхаць, існаваць на сцэне – гэта галоўнае ў прафесіі?

– Я сустрэлася з драматургіяй, з п’есамі, у якіх пачувала сябе натуральна. Здавалася, нічога не іграла – так мне ўсё было блізка. Ніколі не думала, што буду задзейнічана ў «Жанчынах Бергмана» Мікалая Рудкоўскага. І нават не чакала, што гэта змагу. Калі атрымала ролю Інгрыд, паглядзела фільмы Бергмана, прачытала двухтомнік ягоных інтэрв’ю, у якіх ён распавядае пра Юнга і псіхааналіз. Мне стала вельмі цікава. Мая гераіня, знакамітая спявачка Інгрыд, страціла голас, знаходзіцца ў бальніцы і сустракаецца толькі з медсястрой Ліў. Я вырашыла: Інгрыд – закрылася, бо адзінокая, ёй кепска. Яна не страціла голас, а перастала размаўляць з людзьмі… П’еса Рудкоўскага была для мяне своеасаблівым ноу-хау. У ёй столькі недагаворанасці… Закрытыя псіхалагічныя пераходы… Такая дваістасць чалавечага існавання – надзвычай цікавая. У мастацтве слова не заўсёды выяўляе ўсю сілу эмоцый. Я імкнулася паказаць эмоцыю, якая яна ёсць.

Гэта быў зусім іншы тэатральны вопыт. Хоць, безумоўна, інстытут некалі даў мне шмат. І я вельмі ўдзячная сваім настаўнікам – Барысу Нічыпаравічу Дакутовічу і Эльвіры Пятроўне Герасімовіч.

Пасля Віцебска вы шукалі ў Мінску адпаведную замену?

– Так. Напачатку гэта быў праект. Я сабрала песні ад маці – тыя, у якіх апісваюцца своеасаблівыя колы жыцця, – і панесла іх Пінігіну. Ён дадаў батлейку, кавалкі з Евангелля паводле Мацвея і прапанаваў Аляксандру Яфрэмаву ў Тэатр-студыю кінаакцёра. З’явіўся спектакль «Дзіця з Батлеема», які пасля ішоў на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Ён распавядаў пра шлях Хрыста: Яго нараджэнне, вучэнне, распяцце і ўваскрэсенне; поруч з ім – жыццё чалавека, усе этапы – адпаведныя, толькі ўваскрэсення няма. Урыўкі з гэтага спектакля я з поспехам чытала на праваслаўных фестывалях.

06

«Дзіця з Батлеема» паводле «Новага Запавету» і беларускіх народных песень. Сялянка. Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі.

РТБД стаў галоўным тэатрам у вашым жыцці?

– Так. Цяпер да нас моладзь цудоўная прыйшла, такія малайцы – адкрытыя, вольныя, харошыя. Гэткіх я раней у тэатры ўвогуле не сустракала. Можа, час быў іншы… Мне падабаецца быць побач з маладымі, я разумею іх мову. Яны ідуць – і я разам з імі, у адным гурце.

А якія тут самыя любімыя спектаклі?

– «Жанчыны Бергмана» Мікалая Рудкоўскага, «Адвечная песня» паводле Янкі Купалы, «Тры Жызэлі» Андрэя Курэйчыка, «Любоў людзей» Дзмітрыя Багаслаўскага. З таго, што было напачатку, – «Рычард» Уільяма Шэкспіра. Мне было цікава: сын-забойца – як гэта? Мацярынскі інстынкт і сын-забойца – гэта не ўкладваецца ні ў якія рамкі, барані бог… «Ты мой сын?» – казала я са здзіўленнем. Не было жорсткасці да яго ці нечага падобнага, проста страшнае адкрыццё: як такое можа быць?! Здзіўленне. Я, герцагіня Ёркская, маці Рычарда, мусіла яго праклясці. Раптоўна з вачэй нібы заслона спадала…

07

«Жанчыны Бергмана» Мікалая Рудкоўскага. Інгрыд.

Не пра драматургічную сітуацыю, але: у жыцці вы часта на людзей такім чынам рэагуеце і здзіўляецеся?

– Як гэта: часта? Змагаюся з сабой, кніжкі чытаю ўсялякія. Напісана: не судзі! Не маеш права, але ўсё роўна… судзіш, ніяк з сябе тое не выб’еш. Здаецца, гэта ж так лёгка, але на самой справе… Не ведаю як. Змагаюся, ды ўсё роўна нічога не атрымліваецца…

З Коласаўскага тэатра вы сышлі з замацаваным амплуа тых самых гераінь, якія вас узнялі як актрысу. Па-за ім ніхто не хацеў бачыць іншую Мархель, а яна існавала, і вельмі хутка ды ярка паказала сябе ў РТБД. На сцэну выходзіла выканаўца зусім з іншай жаночай і акцёрскай прыродай. Як гэта?

– Такія прыколы. Нармальна. У тэатры шмат моладзі, яна вядзе нас за сабой. Люблю сачыць за маладымі акцёрамі, калі яны робяць штосьці адмысловае.

І няма зайздрасці?

– Зайздрасці няма, калі бачыш тое, што цябе здзіўляе. Думаеш: «Як ён гэта робіць? Я так не магу». Але ж радасць ад таго, што бачыш, перабівае ўсё…

Якія якасці іншых людзей замінаюць вам у прафесіі?

– Няма такога асабліва. Толькі б мяне не крыўдзілі, і ўсё. А так я даволі памяркоўны чалавек, як мне здаецца.

08

«Тры Жызэлі» Андрэя Курэйчыка. Жызэль асенняя

А што ў людзях не любіце больш за ўсё?

– Зноў жа, неяк стараюся не быць суддзёй. Зрэшты, як усе, дарую мала. Мала. Вось мы звяртаемся ў малітве да Усявышняга: «Даруй нам грахі нашы..». Але ж у першую чаргу я сама павінна навучыцца дараваць іншым, а потым прасіць, каб Гасподзь мне дараваў. Толькі нічога не атрымліваецца. Хіба можна дараваць усё ад усяго сэрца? Наўрад ці. У чалавеку штосьці такое закладзена, і даводзіцца змагацца з гэтым.

Тады наступнае пытанне напрошваецца само сабой: дзеля чаго ўсё існуе? Навошта жыццё? Навошта тэатр? Чалавек недасканалы, са сваімі заганамі, мы гэта бачым і разумеем. А навошта ўсё?

– Можа, дзеля таго нам і даецца жыццё, каб мы самі змянялі сябе, змагаліся з нейкімі заганамі, самаўдасканальваліся. Відаць, для таго даў нам Бог сэрца і розум. Вечнае супрацьстаянне духу і цела… А можна інакш сказаць: хай бы мы нарадзіліся на свет як лісце, як аблокі, як птушкі… Дык не…

Галоўныя каштоўнасці для вас цяпер якія? Што болей за ўсё хвалюе?

– Раней больш была занятая сваімі праблемамі. Цяпер – толькі дзеці, іх лёс. Таму што, калі нешта ў іх цалкам не атрымліваецца, адчуваеш сваю віну. Усё на сябе бярэш: тое, што некалі не даглядзеў, у чымсьці не дапамог. Вось ад гэтага цяжка…

09

У спектаклі «Беларусь. Дыдактыка» Аляксандра  Марчанкі.

У тэатр заўсёды хочацца прыходзіць? Не бывае такога, што, маўляў, усё надакучыла, нікога не жадаеш бачыць?

– Не! Хочацца прыходзіць! Як доўга не працую, дык наогул як на свята іду ў тэатр.

А што засталося несыграным?

– Нічога. Я ніколі сама не шукаю ролі, не прыношу п’есы (маўляў, вось гэта хачу сыграць!), не прыводжу з сабой рэжысёра. Ніколі так не рабіла і, думаю, не буду. Усюды можна знайсці нешта добрае, і яно само прыходзіць. Мне цікавая нечаканасць…

Вы шукалі калі-небудзь замену тэатру ў кіно?

– Не.

Якое месца займае кіно ў творчым жыцці?

– Кіно пасля тэатра, канешне.

А што для вас галоўнае ў сустрэчах з гледачамі?

– Бываюць моманты, калі стаіш на сцэне, а ў зале – цішыня… І ты можаш стаяць колькі заўгодна, гледачы будуць сядзець ціха-ціха… Слухаць… Разумець… Перажываць… Зрэшты, на сцэне заўсёды так: чым жывеш, што баліць – пра тое і кажаш. У мяне ёсць спектаклі, дзе я магу падзяліцца сваімі болем і радасцю. І мне лягчэй: я – не адна…

Фотаздымкі з архіва Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі.

Добавить комментарий

Заполните поля или щелкните по значку, чтобы оставить свой комментарий:

Логотип WordPress.com

Для комментария используется ваша учётная запись WordPress.com. Выход /  Изменить )

Google photo

Для комментария используется ваша учётная запись Google. Выход /  Изменить )

Фотография Twitter

Для комментария используется ваша учётная запись Twitter. Выход /  Изменить )

Фотография Facebook

Для комментария используется ваша учётная запись Facebook. Выход /  Изменить )

Connecting to %s