Жанна Гурына
«Сірожа» Юліі Чарняўскай
Рэжысёр Аляксандр Гарцуеў
Сцэнаграфія Юрыя Саламонава
Мастак па касцюмах Марына Алекна
Кампазітар Дзмітрый Фрыга
Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі
Назіраючы за сучасным тэатрам, няволі заўважаю, як пакрысе ён выходзіць за межы «традыцыйнага», звыклага, «знешняга» і ўсё больш судакранаецца з «унутраным» і бессвядомым: калі глядач падчас спектакля суперажывае героям, судакранаецца з іх гісторыямі і перажываннямі, верыць так, што, выходзячы з тэатра, думае, разважае, паглыбляецца ўнутр сябе, задаецца важнымі для сябе пытаннямі. Ты, як глядач, прыходзіш у розных сваіх эмацыйных станах на спектакль – і, вядома, бачыш нешта сваё і кожны раз іншае: штосьці цябе абурае, штосьці суцяшае, аднак гэта толькі тваё «штосьці», твае эмоцыі і твая адказнасць, што з імі рабіць.Так, я сапраўды думаю, што тэатр – гэта свайго роду псіхатэрапія.

«Сірожа» Юліі Чарняўскай. Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. Сцэна са спектакля.
Пачаць прад’яўляцца самой і надаць жыццё тэрмену «тэатратэрапія» жадаю з першай спробы аб’яднаць спектакль «Сірожа» і Эннеаграмму ў адным матэрыяле.
Чаму менавіта «Сірожа»?
Пакуль краіна жыла II Еўрапейскімі гульнямі, РТБД рыхтаваўся да прэм’еры спектакля «Сірожа», якая адбылася 10 і 11 ліпеня. Я назірала за працэсам рэпетыцый, чытала п’есу, бачыла спектакль, перачытвала п’есу. І я ў сябе пытала: аб чым жа гэта гісторыя для мяне? І прыйшла да наступнага: гэта гісторыя пра пакаленне тых, каму вельмі ў свой час не хапіла звычайнай адкрытай любові. Гісторыя пра тое, як падаўленая, не выказаная ў свой час крыўда аднаго чалавека можа выстраліць праз гады і прычыніць боль тым, хто аказаўся побач. Гэта гісторыя пра тое, што мы – гэта не мы як мы, а мы як адлюстраванне нашых стасункаў з важнымі Іншымі.
Мне шчыра пашанцавала, таму што я суперажывала персанажам і ўключалася ў іх гісторыі (агульную і асабістыя) настолькі глыбока, што пачынала ўспрымаць персанажаў, як жывых, рэальных людзей. Па гэтай прычыне і вырашыла ўзяць менавіта спектакль «Сірожа» для даследвання эннеатыпаў.

Сцэна са спектакля.
Што такое Эннеаграмма?
Эннеаграмма з’яўляецца мадэллю глыбіннай бессвядомай матывацыі чалавека, якая апісвае 9 тыпаў у залежнасці ад тыпу інтылекта, які адгукаецца больш за ўсё: эмацыйны, мысленчы альбо цялесны.
Гэты цуд-інструмент даўно і актыўна выкарыстоўваюць не толькі ў псіхалогіі, бізнесе, але і ў Галівудзе, дзе праводзяць спецыяльныя курсы для рэжысёраў, сцэнарыстаў, акцёраў.
Навошта?
Калі характар персанажа прапісваецца з выкарыстаннем Эннеа, герой набывае большую дакладнасць, яркасць і шматграннасць. То бок кожнаму, хто глядзіць фільм, будзе знаёма і кожнаму адгукнецца, таму што чалавек пазнае ў персанажы сябе, а значыць, свой эннеатып, таму што кожны жывы чалавек «обладает» эннеатыпам (альбо ён валодае ім?).
Ёсць і такі варыянт, калі акцёр настолькі прысвойвае сабе вобраз, настолькі разам з рэжысёрам працуе над персанажам і вывучае яго, што тып выкрысталізоўваецца сам па сабе.
Вядома, персанаж – гэта не жывы чалавек, а значыць, эннеатыпа ў яго быць не можа. Аднак часам так суперажываеш, судакранаешся з персанажам, што пачынаеш ставіцца да яго, як да рэальнага чалавека, у якога ёсць свой характар, свае цяжкасці, свае перажыванні і, вядома, свае матывы. Напэўна, гэта і вызначае мастацтва.
[Для тых, хто ставіцца да Эннеаграммы з вялікім парогам стрымліваючых перакананняў і бар’ераў]
Сябры, немагчыма гаварыць (у адносінах да Эннеаграммы), што яна некага на нешта дзеліць, таму што не бывае «добрых» і «дрэнных», ёсць мы. І ёсць нашы бессвядомыя глыбінныя матывацыі. Гэтаму немагчыма супрацьстаяць, бо так ёсць: прымі і палюбі.
Эннеаграмма не дзеліць, эннеаграмма дапамагае спазнаць сябе і тых, з кім камунікуеш.
Важна
Тып Эннеаграммы не мяняецца ў працэсе жыцця, так як фарміруецца вельмі рана (у першыя гады, а, магчыма, нават і месяцы жыцця). Тып Эннеаграммы – гэта не толькі нашы звычкі, якасці. Гэта нашы глыбінныя перакананні, якія ўплываюць не толькі на тое, як мы ўспрымаем сябе, іншых і свет у цэлым, але і на наш лёс. Гэта тое, што мы не ўсведамляем. Так, вядома, у камфорце і стрэсе тып можа пераходзіць у іншы, аднак змяніць яго цалкам нельга, можна толькі станавіцца больш «гібкім» і вучыцца «делать иначе». У гэтым – шлях мудраца.
Што ж, пачынаем даследаваць «Сірожу».
СІРОЖА

Максім Брагінец (Сірожа Бабіч, эпоха I, 1980 год).
У эннеаграмме адносіцца да 6-га тыпу – Скептык/лаяліст
«…як быў я «Серым»– так і застаўся. Ну, мы пяцёрак не палучалі, таму неяк так… сціпла паперкі перакладваем…Сціплы»серы» працаўнік…»
Напэўна, гэты персанаж адзін з тых, каго шчыра і адкрыта шкада…і шкада з самага пачатку да самага канца.
Нягледзячы на тое, што Сірожа – галоўны персанаж спектакля, ён, нібыта, заўсёды ў цяні, такі скрытны і, як быццам, крыху незаўважны.
Яго словы «людзі балтаюць, бо людзі злыя» – адна са стратэгій людзей Шостага тыпу эннеаграммы: выцясняць уласныя страхі, негатыўныя намеры і прыпісваць іх іншым. Гэта вельмі апраўдана ў дачыненні да Сірожы: лёс не надзяліў яго асаблівай уладай, багаццямі, таму (і гэта мы ўжо можам бачыць напрыканцы першага акта і ўвесь наступны акт) ён выбірае – хітрыць, падрываць «аўтарытэтныя» меркаванні і дабівацца таго, чым яго не надзяліў лёс, – перш за ўсё спакоем і ўпэўненасцю ў сабе. Як быццам прагаворчаючы пра сябе: «Я вам зараз пакажу, хто тут аўтарытэт».
Аднак на самой справе людзям Шостага тыпу эннеаграммы вельмі патэбен аўтарытэт побач. Яны шукаюць яго, а калі знаходзяць, зноў пачынаюць сумнявацца: «А ці не стану я моцна залежыць ад гэтага чалавека? А чаго хачу я сам?» Таму людзі Шостага тыпу эннеаграммы часта ставяць пад сумнеў аўтарытэтныя фігуры і нават могуць уступаць у адкрытую канфрантацыю. (Падчас спектакля паназірайце за размовамі Сірожы з Мішай, Генам, звярніце ўвагу на момант з лістом для Мішы – указаць на месца, «ужаліць», пры тым што гэта можа быць абсалютна бессвядома.)
У складаных і напружаных сітуацыях (стрэс) людзі Шостага тыпу эннеаграммы пачынаюць рабіць штосьці без разбора, яны хутка прымаюць рашэнні і так жа хутка іх рэалізуюць. І толькі потым, калі ўсё плюс-мінус уляглося, яны могуць аглянуцца і паглядзець, колькі ж дроў наламалі. І потым альбо выпраўляць зробленае, альбо здзіўляцца таму, што так выдатна атрымалася (2 акт спектакля).

Андрэй Дабравольскі (Сірожа Бабіч, эпоха ІI, 2012 год).
Пры ўсёй сваёй умоўнай «адмоўнасці» ў Сірожы, вядома, ёсць станоўчая рыса – гэта яго лаяльнасць.
Напачатку першага акта мы бачым Сірожу, як вельмі адкрытага, шчырага і чэснага чалавека, такога, якіх звычайна называюць, «свой пацан»: частуе прысмакамі з вёскі, суперажывае іншым, пры тым што гэта не выглядае «найгрышам», гэта ідзе ад шчырасці і прастаты.
Узгадайце яго словы наконт Дзіны: «Амне,знаіш,і нінада. Мне нічыво ат ніё не нада. Што мне нада, ано і так есьць. Штоб ана была. Не са мной. Вапшчэ. Эта глаўнае.»
Ён кахае Дзіну, носіць гэта каханне з сабой, і ў рэшце рэшт Сірожа – гэта адзіны чалавек, які працягнуў Дзіне руку ў момант, калі ёй было вельмі дрэнна.
Людзі Шостага тыпу эннеаграммы лічацца самымі вернымі сябрамі (на жаль, падчас спектакля мы гэта можам не ўбачыць, але і пра гэта Сірожа таксама скажа ў спектаклі: «…таму што я верны сябар»). Яны могуць доўга цярпець «не здаровыя» стасункі, аднак быць у іх. Яшчэ адным важным аспектам для людзей Шостага тыпу эннеаграммы з’яўляецца равенства: «Ну, людзі жэ. Людзі разныя. Цем і інцярэсныя», «серы і серы», «не высоўваюся»,» без палёта».
Для мяне гісторыя Сірожы пра тое, што мы – гэта пазл з нашых унутраных характарыстык, перакананняў, а таксама нашых адносін з іншымі людзьмі. Так і выкрысталізоўваецца тып. Таму, будзем паглыбляцца ў іншыя эннеатыпы і даследаваць іншыя матывацыі.
ДЗІНА
У эннеаграмме адносіцца да 3 тыпу – Дасягальнік (Достигатель). Але вельмі «паранены» – адразу хочацца дадаць мне.
Тройкі складаюць уражанне вельмі ўпэўненых у сабе, моцных і паспяховых (кожны ў сваім кантэксце, вядома: хтосьці мае фірму з даходам на кругленькую суму, хтосьці круты піяршчык альбо мастак, а хтосьці проста выключна пазыцыянуе сябе, выдатны профі ў такім паняцці, як «личностный бренд»: аб ім гавораць, яго цытуюць, аб ім думаюць, яму зайздросцяць).

Ганна Семяняка (Дзіна, эпоха I, 1980 год).
«Папаша ў яе – слуга народа. Яна ж у тым самым доме жыве, для слуг, што каля парка…Жыве там, а завісае тут. З нашым калхозам… Мечацца дзяўчына» – так Дзіну характарызуе Максім (яго таксама падаследуем, але крыху пазней)
Нягледзячы на тое, што паходзіць Дзіна з заможнай сям’і, ёй, відавочна, вельмі не хапае бацькоўскай любові і прыняцця:
Максім. Чым ён цябе на гэты раз прыклаў?
Дзіна. Рамнём. Пражкай.
Дзіна. Ну,у яго на працы там нешта…
Максім. А ты прычым?
Дзіна. Я прычым. Я заўсёды прычым. Я не такая, як трэба.
І менавіта гэта прыняцце Дзіна знаходзіць тут, сярод хлопцаў, у інтэрнаце. Таму што праявай любові для людзей Трэцяга тыпу з’яўляецца захапленне: «калі мной захапляюцца – значыць мяне любяць». А тут, сярод хлопцаў, ёй і захапляюцца, і прымаюць, і любяць.
Аднак нягледзячы на ўсю смеласць, рашучасць і знешнюю вясёласць (якая, несумненна, выдзяляе Дзіну), Тройкі час ад часу судакранаюцца з пачуццём адзіноты і пустэчы. «Я, як ракавіна. Пустая. Ведаеш, як у ракавіне пустата пяе? Уууу…» – прызнаецца Дзіна Мішы.
Можна выказаць здагадку, што ў дзяцінстве Дзіну бацькі хвалілі за яе дасягненні, захапляліся ёй, калі яна была лепшай у класе. То бок, з аднаго боку бацькі ёй казалі, якая яна малайчынка і якая яна лепшая, з іншага боку, дзяўчынка не мела права на правал, не мела права быць не такой…быць сабой…таму што базавае пераканенне Трояк: «бацькі ганарыцца могуць толькі тады, калі я апраўдваю іх чаканні».
І ў нейкі момант сталення ў Дзіне прачнулася бунтарка: «Што бацьку косць у горле, – то ёй і добра. То з хіпамі круцілася: спадніца да пят, фенечкі. То саміздат, то таміздат. То Харэ Крышна…» І тады яна стала «не зручная» для бацькі.
Чаму ў такім выпадку Дзіна – «Достигатель» і з’яўляецца 3 тыпам Эннеаграммы?
Для Дзіны каханне да Мішы – гэта каханне = праект (мы гаворым зараз пра бессвядомую матывацыю, я нагадаю, то бок пра тое, што не ляжыць на паверхні, пра тое, што не ўсведамляцца, але пра тое, што і з’яўляецца унутранай матывацыяй), каханне = мэта. Ёсць мэта, як кажуць, не бачу перашкод. Яна робіць усё, каб «праект рэалізаваць»: бегае ў інтэрнат, яе выганяюць – яна цераз вакно. «Ана ж разаб’ёцца!» – скажа Сірожа (памятаем, чым кіруецца Шосты тып – страх), а Гена скажа: «Ні фіга не разаб’ецца. Яна учэпістая». «Мы з ёй,калі ад мусароў на будку лезлі…» – мы? З ёй? А дзе быў Міша, раз яна дзеля яго бегае ў інтэрнат?..
Вельмі добра можна прасачыць тыповыя паводзіны для Тройкі ў сітуацыі, калі Сірожа прыносіць ліст для Мішы. Што гэта для Дзіны? Відавочны крах, усё, мы не будзем разам цяпер дакладна – праект не рэалізуецца.

Ганна Семяняка (Дзіна, эпоха I, 1980 год)
Так, былі розныя ў той час забароны на выезд, аднак, заўважым: у момант з лістом, Дзіна не агучвае сваіх хваляванняў альбо фантазій наконт таго, «як гэта будзе, калі мы разам паедзем, што мне патрэбна зрабіць, каб паехаць з ім» (ва ўмовах, калі гэта любоў рамантычная). У Дзіны крах праекта, яна сядае дзесьці ў вуглу стала і кажа: «Ты мне капні, больш капні», «ну, і добра, я б яго ўсё роўна кінула».
Гэта рэакцыя Трояк на стрэс: планы рухнулі, эмоцыі, якія так доўга былі выключанымі, вырываюцца наружу; Тройкі адчуваюць «псіхалагічную паралізаванасць», у выніку чаго могуць страціць веру ў сябе, бо «ўсё роўна».
І тут ўжо сапраўды ўсё роўна, з кім сысці, з кім быць у гэты вечар – з Генам, Сірожай, Максімам.
Яна нібыта шукае штосьці, кагосьці, каб заглушыць боль, шукае, як лепш, а лепш не становіцца. І толькі калі яна траціць усю надзею і аказваецца ў тупіку, адзіны, хто працягвае Дзіне руку – гэта Сірожа. Ён, як быццам, ёй транслюе: цябе любіць могуць проста таму, што ты ёсць.
Гэты момант з’яўляецца для Дзіны пераломным, так як яна знясілена не толькі фізічна, але і псіхалагічна. Гэта «траўма», якая патрабуе доўгага аднаўлення сіл, рэсурсаў і веры ў сябе. Аднак на гэта аднаўленне ў Дзіны проста не знаходзіцца належных умоў. І ўжо ў другім акце мы бачым перад сабой зусім іншую Дзіну, пакорліваю, ціхую, маўклівую. Не знайшлося сіл, не знайшлося надзейнай падтрымкі. Ды і калі, дзе тое шукаць: тут жа муж імкліва прасоўваецца па кар’ернай лесвіцы…

Вераніка Буслаева (Дзіна, эпоха IІ, 2012 год).
Самым важным момантам для Трояк з’яўляецца вось гэта права на любоў і момант з прыняццем сябе. Не сябе як адлюстраванне праекта, мужа, працы, не сябе як адлюстраванне чаканняў іншых, а сябе як сябе. У такіх выпадках звычайна пыдамаецца пытанне: а я як я – гэта як? З гэтым далей і ідзе праца, але гэта ўжо не пра «Сірожу».
МІША
У эннеаграмме адносіцца да 5 тыпу – Назіральнік (Наблюдатель)

Арцём Курэнь (Міша, эпоха I, 1980 год).
Вельмі чулліва стаўлюся да гэтага эннеатыпу. Па-першае, таму што захапляюся людзьмі з Розумам, па-другое, знаходзячыся побач з імі, заўсёды хочацца нешта пачытаць))
Міша вельмі разумны, інтэлектуальны, тактычны і пры гэтым вельмі сухі, сціплы і скупы на эмоцыі. Калі яго штосьці і чапляе, то гэта выключна «не экспертныя», «не навукова правераныя» факты (звярніце ўвагу падчас спектакля на тое, як паводзіць сябе Міша, калі Сірожа «разважае» пра габрэяў). А пахабныя дурныя жартачкі, «вкрапления» нейкіх слоў і меркаванняў, мне здаецца, не чапляюць і не чаплялі Мішу аніколі – гэта занадта нізка для яго розуму. У Мішы іншая сістэма каштоўнасцяў: усё, у што верыць Міша, – гэта навука, усё чым захапляецца, – гэта веды.
Сяргей. Ды бачылі мы,што ў яго заточана…Такі заточана? Так вашыя кажуць, а, Мэні?
Міша.Нашыя так не кажуць.Гэта вашыя над нашымі так смяюцца…Гумар у вас такі.
Такая стратэгія сапраўды характэрна людзям Пятага тыпу эннеаграммы, таму што глыбіннае базавае іх перакананне гучыць так: «свет небяспечны для мяне, пагэтаму я паднакаплю ведаў, каб быць падрыхтаваным». Іх унутраная драма хаваецца ў не мужнасці і непрыстасаванасці, і толькі Розум дапаможа «змагацца» з гэтым светам.
Людзі Пятага тыпу эннеаграммы сапраўды вельмі скупыя на эмоцыі, за што іх часта абвінавачваюць у чэрствасці і нерашучасці (пазаўважайце за іх стасункамі з Дзінай) і паводзяць сябе сярод людзей вельмі адасоблена. Таму што Пяцёркі:
- вераць у тое, што эмоцыі перашкаджаюць аб’ектыўнаму ўспрыняццю сітуацыі;
- перакананы ў тым, што рэсурсаў у іх і так недастаткова, а калі 5-кі яшчэ і будуць занадта ўключацца ў стасункі – гэта канчаткова іх спустошыць.

Сяргей Шымко (Міша, эпоха IІ, 2012 год).
Мне здаецца, што Міша – гэта адзіны персанаж, які, дзякуючы свайму розуму, бачыў: усё, што адбываецца вакол, – нейкая эфемерная і страшэнная гульня. Раздзяліць гэта сваё перакананне яму не было з кім. І, я лічу, гэта адна з глыбінных прычын, чаму Міша з’язджае ў Ізраіль. Магчыма, многія будуць яго асуджаць, аднак я думаю, гэты ўчынак дапамог Мішу захаваць у сабе чалавека. Свядомага і з пачуццём унутранага стрыжня. Ва ўсялякім разе я гэта адчуваю.
ГЕНА
У эннеаграмме адносіцца да 4 тыпу – Індывідуаліст

Максім Шышко (Гена, эпоха I, 1980 год).
«А з чаго ты ўзяў,быццам я пра вас думаю?Я пра вас і не думаў думаць.Вы мне нецікавыя.»
Напачатку можа скласціся ўражанне, што Гена – гэта такі надменны чалавек, якому зусім не цікава ўступаць у камунікацыю з іншымі. Насамрэч наадварот: усім сваім выглядам, вопраткай (падчас 1 акта звярніце ўвагу на сітуацыю з джынсамі, на тое, у што наогул апранаецца і як выглядае Гена), стылем, загадкавасцю і захапленнямі, ён прыцягвае да сябе ўвагу.
Сапраўды, мы бачым, як Гена спявае і іграе на гітары, як Гена захапляецца медытатыўнымі практыкамі, імкнецца быць «на хвалі».
Людзям гэтага эннеатыпа вельмі важна выдзяляцца з натоўпу, быць нейкімі не такімі, чым усе астатнія. Таму і складваецца ўражанне, што Гена такі адчуваючы, эмацыйны і глыбокі чалавек, да глыбіні якога нам, гледачам, дакладна не дацягнуць:))
Усімі сваімі пошукамі і захапленнямі, Гена, як прадстаўнік 4-га тыпа, намагаецца знайсці (для сябе) адказ на пытанне: «А хто я, калі я не такі, як усе?». Чацвёркі вызначаюць сябе як «Я – гэта тое, што я адчуваю, гэта мой унутраны свет».
«Вось так і пачынаюцца рэвалюцыі! Вось пабачыце, гадоў пяць-шэсць, і накрыецца савок. Як у сямнаццатым. Але ў нас хучэй ірване. Высоцкі – ён жа чыя інкарнацыя?.. Хрыста… Будды. Крышны. Якая розніца! Увесь гэты свінарнік пераўтварыў… Усім карму прачысціў. Было быдла – стаў народ! Вось пабачыце!»
Чацвёркі вераць у тое, што ім не хапае чагосьці вельмі важнага, што ў іншых жыццё лягчэй, бо яны ведаюць нейкі рэцэпт шчасця.
Ад гэтага Чацвёркі часта «завісаюць» у стане «вечного ребенка». Як бы Гена штосьці ні крытыкаваў, узяць і зрабіць – не-е, гэта не для яго. Гена чакае, што хтосьці павінен прыйсці і ўсё разруліць. З’язджаць – не-е, гэта таксама не для яго. Аднак быць выключным сярод масы – так, гэта тое, што патрэбна.

Канстанцін Воранаў (Гена, эпоха ІI, 2012 год).
«Не Кракадзіл, а Кракадайл!»– папраўляе Гена.
Матыватарам для Чацвёрак ў’яўляецца зайздрасць, якая праяўляецца ў параўнанні сябе з астатнімі («настолькі я выключны ад іх альбо не?»), свайго сённяшняга з мінулым. Дык вось менавіта з гэтай самай зайздрасці ідзе прага да новага, ідзе праца над сабой, ідзе развіццё. Вядома, у кожага па-свойму праяўляецца, аднак бессвядомым пасылам можа быць якраз вось гэтае: «Я адчуваю, што можа быць інакш» (Гена – той, хто прадчуваў распад краіны, той, хто гаварыў, што можа быць інакш).
МАКСІМ
У эннеаграмме адносіцца да 7 тыпу – Эпікурэец

Аляксандр Ніканенка (Максім, эпоха I, 1980 год).
Максім. Хочаш валяцца ў перыядзе паўраспада… мордай да сцяны – дзеля Бога. А мне на Паркет. Ты хаця б у курсе, whаt is Паркет, а?»
Сірожа. Дзіскацека.
Максім. Памылачка. Гэта не проста дыскатэка,гэта афігенная дыскатэка… Эй, Сярога,а ў мяне ідэя! Айда са мною на Паркет! І няхай гэта будзе мой сціплы дар да дня твайго нараджэння…
Гэты дыялог адбываецца ў той момант, калі ніхто не прыйшоў на Народзіны да Сірожы.
Стратэгія паводзін Максіма вельмі тыповая для людзей 7 тыпу, таму што «самае лепшае, што я магу зрабіць для няшчасных людзей, – гэта не быць адным з іх, таму я буду забаўляць сябе і забаўляць іншых, толькі б не сумаваць і не судакранацца з перажываннямі».
Людзі Сёмага тыпу эннеаграммы – гэта людзі, якія заўсёды напоўнены ідэямі, заўсёды «на веселе», «легки на подъём». У іх заўсёды шмат планаў на тое, як класна правесці час, яны – сэрца (нават не душа) любой вечарыны, аматары свята і сюрпрызаў. За гэта ўменне атрымлiваць асалоду ад жыцця («Максім лётае і радуецца») людзей 7-га тыпу і называюць «Эпікурэйцамі».

Андрэй Новік (Максім, эпоха ІI, 2012 год)..
Сямёркі ў эннеаграмме адносяцца да мысленчага цэнтра, вядучай эмоцыяй якога з’яўляецца страх. Таму больш за ўсё 7-кі баяцца таго, што ў іх унутры – адзінота, пустэча, сум, непрыемныя перажыванні. Менавіта адсюль узнікае іх бессвятомая матывацыя да «абжорства» – эмоцыямі, падзеямі, алкаголем. У выпадку з Максімам: куціць,»запіваць», заўсёды намагацца запоўніць сябе нейкімі ўражаннямі, сустрэчамі, знаёмствамі, падзеямі, толькі б пазбегнуць гэтай унутранай пустэчы і адзіноты. (Падчас спектакля звярніце ўвагу на сцэну, калі знясіленую Дзіну вахцёрша прыводзіць у інтэрнат да хлопцаў.) То бок 7-кі, як быццам, адчуваюць голад, які ніяк не могу задаволіць.
«Свята, яно ваўсім! У горадзе шэрым,але цудоўным! У дзяўчынах без шапак –валасы па каўнерах струменяцца, а ў вачах — чаканне шчасця! Нехта зіх будзе плакаць сёння ноччу, але гэта няважна! Чаканне важней, чаканне шчасця…»
Тэатр кажа аб тым, што чалавек мяняецца. І на першы погляд можна падумаць, што гэты матэрыял супярэчыць тэатру. Аднак зусім не: чалавек мяняецца, назапашваючы вопыт і траўмы, эннеатып – ніколі. Таму вывучаць сябе, каб станавіцца больш гібкім і пазбягаць некаторых траўм (усяго, вядома, не пазбегнеш) – у гэтым дапамагае эннеаграмма.
Я разгледзела толькі галоўных герояў, так як у іх больш яўна праступае эннеатып. Не стану ўводзіць у зман і даследаваць тых персанажаў, у якіх вагаюся ды сумняваюся сама, для мяне яны недастаткова акрэсленыя, каб вызначаць тып. Аднак, вы можаце падумаць на іх конт самі. Магчыма, пазнаеце сябе, магчыма, будзеце вельмі абурацца на нешта, але, калі шчыра зірнеце і адкрыецеся, вы сустрэнецеся з сабой, сваімі перажываннямі і інсайтамі. Гэта і будзе ваша тэатратэрапія.

Сцэна са спектакля.
Фота Уладзіслава Рахубы.