Месца калектыўнай памяці

Паліна Піткевіч

«М.»
Паводле лірыкі Вальжыны Морт
Рэжысёр Мікіта Ільінчык
Куратарка Анастасія Васілевіч
Мастак Аляксандр Адамаў
Пластыка Сяргея Паяркова
Тэатр-майстэрня на ОК16

 Напачатку восені ў арт-прасторы «Ok16» адбылася прэм’ера спектакля «М.», створанага на перасячэнні паэзіі Вальжыны Морт, сучаснага тэатра і візуальнага мастацтва. Як можна было чакаць, атрымалася прыгожа.

Аўтары спектакля – рэжысёр Мікіта Ільінчык і куратарка Анастасія Васілевіч – гадавалі яго як тую кветку доўга і рупліва. Праца пачалася ў 2018 годзе падчас Летняй рэзідэнцыі Оk16 і працягнулася там жа на платформе Тэатра-майстэрні, што мае на мэце падтрымку маладых прафесіяналаў. Пунктам адліку для пастаноўкі стаў зборнік беларускай паэткі Вальжыны Морт «Эпідэмія ружаў». Дарэчы, «М.» стаў другім спектаклем, пастаўленым у Мінску паводле лірыкі Морт. Інтэрактыўная па спосабе ўздзеяння, мінімалістычная па сродках «Мова Х» эксперыментальнага тэатра «Галава-нага» грунтуецца на самым знакамітым вершы з таго ж зборніка «Беларуская мова», радкі з якога ўмантаваны і ў «М.». Але тут мы бачым нешта зусім іншае.

01.jpg

«М.». Сцэна са спектакля. Тэатр-майстэрня на ОК16.

Цела сцэнічнага тэксту аўтары спектакля з хірургічнай акуратнасцю сабралі з асобных частак твораў зборніка і зрабілі такі сабе драматургічны калаж. Адабраныя радкі былі раздадзеныя чатыром персанажам – Маці (Святлана Цімохіна), Дачцэ (Кацярына Банькоўская), Хлопцу (Мікалай Верабей) і Бабулі (Наталля Бекетава). Выбудаваныя на падмурку паэзіі дыялогі ўтварылі ўмоўны сюжэт, але з-за аўтаномнасці паэтычнай мовы і аўтарскай думкі захавалі сваю маналагічнасць, адасобленасць. Таму некаторыя сцэны выглядаюць дзіўна – Маці і Дачка быццам бы сварацца, аднак замест побытавай лексікі выкарыстоўваюць шматсэнсоўныя паэтычныя вобразы. Яны ўзнікаюць раптоўна, пазбаўленыя першароднага кантэксту, і напачатку ўспрымаць іх цяжкавата.Так ствараецца атмасфера татальнай адчужанасці, ірэальнасці. Выглядае на тое, што кожны з герояў засяроджаны на сабе, камунікацыя паміж імі калі і адбываецца, то на нейкім метафізічным узроўні, што, між іншым, працуе на задуму.

Яшчэ адзін сродак яе ўвасаблення, бадай, не менш важны за вербальны, – сцэнаграфія. Мастак Аляксандр Адамаў стварыў у камернай прасторы сімультанны ланцуг з пяці ўпісаных у невялікія квадраты лакацый. Большая частка дзеі сканцэнтравана ў цэнтральнай клетцы – загрувашчаным рэчамі памяшканні тыпу «бабушатнік» (і кухня, і гасцёўня адначасова), дзе жывуць Маці і Дачка. Справа месцяцца пясочніца, у якой фізічна з’яднаюцца Дачка і Хлопец, прамаўляючы «Мы ж дзеці…», і сямейныя могілкі, дзе Маці ў гэты ж час будзе прыбіраць магілу Бабулі («магілу над магілай памяці»). Эрас і Танатас, дзяцінства і скон у спектаклі ідуць рука аб руку, як і ў творах Морт, чый псеўданім у перакладзе з французскай азначае «смерць». Выкліканы ўспамінамі Маці прывід Бабулі, маладой, апранутай у нешта падобнае да святочнага нацыянальнага строю, будзе з’яўляцца ў месцы, літаральна парослым быллём. Ад «жылой» часткі дэкарацыі яго аддзяляе квадрат з бялюткай кафлі, амаль стэрыльны, каб не распухлая ад пажоўклых паперак ці то архіўная справа, ці то бальнічная картка, і тры негатывы фотаздымкаў, што нагадваюць рэнтгенаўскія.

02.jpg

«М.». Святлана Цімохіна (Маці). Тэатр-майстэрня на ОК16.

Менавіта адсюль і пачынаецца гісторыя сям’і, гісторыя хваробы, што перадаецца з пакалення ў пакаленне па жаночай лініі і замыкае яе ў кола, бо лёс кожнага асуджаны на паўтарэнне. Гісторыя краіны, закансерваванай па частках, закансерваванай у часе. Краіны, у якой кожны носіць сваіх прывідаў з сабой і бясконца размаўляе з імі, нават на ўзбярэжжы акіяна. Краіны, цэнтральнае тэлебачанне якой паказвае рэпартажы пра высокія паказчыкі працы Фабрыкі Слёз. Дарэчы, трансляцыя «тэлесюжэта» сталася шыкоўным рэжысёрскім ходам у кантэксце працы з паэтычнай метафарай. У скарбонку добрых знаходак можна дадаць настальгічнае хоўм-відэа, якое напрыканцы спектакля раскрывае яшчэ адно акенца ў свет генетычнай памяці і на кранальнай ноце завяршае аповед. Адзіны раз за спектакль рэзанула слых: калі ў сцэне блізкасці Дачкі і Хлопца, цікавай з пункту гледжання пластычных рашэнняў, вынайдзеных Сяргеем Паярковым, зайграла песня «Перед сексом» расійскай групы OQJAV, што відавочна выбілася з агульнага лірычнага тону пастаноўкі.

03.jpg

«М.». Кацярына Банькоўская (Дачка), Мікалай Верабей (Хлопец). Тэатр-майстэрня на ОК16.

Увогуле, спектакль «М.» стаў прыемным адкрыццём адразу з некалькіх прычын. Як змястоўнае мастацкае выказванне пра постсавецкую рэчаіснасць, боль і цяжар мінулага, што перадаюцца ў спадчыну, родавую памяць, што захоўваецца жанчынамі. І як вынік супрацы таленавітых творцаў новай тэатральнай генерацыі. Аматарам сучаснай беларускай літаратуры і тэатра, ды проста ўсім рэфлексуючым асобам і эстэтам строга рэкамендуецца наведаць «М.». І ўзяць з сабой сваіх прывідаў.

Наступны паказ спектакля – 17 кастрычніка.

Фотаздымкі Вікторыі Мяховіч.

Добавить комментарий

Заполните поля или щелкните по значку, чтобы оставить свой комментарий:

Логотип WordPress.com

Для комментария используется ваша учётная запись WordPress.com. Выход /  Изменить )

Фотография Facebook

Для комментария используется ваша учётная запись Facebook. Выход /  Изменить )

Connecting to %s