Паліна Піткевіч
«М.»
Паводле лірыкі Вальжыны Морт
Рэжысёр Мікіта Ільінчык
Куратарка Анастасія Васілевіч
Мастак Аляксандр Адамаў
Пластыка Сяргея Паяркова
Тэатр-майстэрня на ОК16
Напачатку восені ў арт-прасторы «Ok16» адбылася прэм’ера спектакля «М.», створанага на перасячэнні паэзіі Вальжыны Морт, сучаснага тэатра і візуальнага мастацтва. Як можна было чакаць, атрымалася прыгожа.
Аўтары спектакля – рэжысёр Мікіта Ільінчык і куратарка Анастасія Васілевіч – гадавалі яго як тую кветку доўга і рупліва. Праца пачалася ў 2018 годзе падчас Летняй рэзідэнцыі Оk16 і працягнулася там жа на платформе Тэатра-майстэрні, што мае на мэце падтрымку маладых прафесіяналаў. Пунктам адліку для пастаноўкі стаў зборнік беларускай паэткі Вальжыны Морт «Эпідэмія ружаў». Дарэчы, «М.» стаў другім спектаклем, пастаўленым у Мінску паводле лірыкі Морт. Інтэрактыўная па спосабе ўздзеяння, мінімалістычная па сродках «Мова Х» эксперыментальнага тэатра «Галава-нага» грунтуецца на самым знакамітым вершы з таго ж зборніка «Беларуская мова», радкі з якога ўмантаваны і ў «М.». Але тут мы бачым нешта зусім іншае.
«М.». Сцэна са спектакля. Тэатр-майстэрня на ОК16.